Мерапрыемствы, прысвечаныя 85-годдзю Ніла Гілевіча і 125-годдзю Аркадзя Смоліча, зладзілі ў Магілёве » mogilew.by
 

Мерапрыемствы, прысвечаныя 85-годдзю Ніла Гілевіча і 125-годдзю Аркадзя Смоліча, зладзілі ў Магілёве

Мерапрыемствы, прысвечаныя 85-годдзю Ніла Гілевіча і 125-годдзю Аркадзя Смоліча, зладзілі ў Магілёве

Вечарыну, прымеркаваную да 85-годдзя народнага паэта, літаратара, мысляра, грамадскага дзеяча Ніла Гілевіча, зладзілі ў Магілёве. Імпрэзу падрыхтавалі і правялі клуб «Натхненне» Палаца культуры вобласці і магілёўская суполка «Таварыства Беларускай Мовы ім. Ф.Скарыны».
У кіназале Палацу сабралася немала прыхільнікаў беларускага слова, каб узгадаць радкі з твораў Ніла Сымонавіча, паслухаць успаміны людзей, якія яго ведалі асабіста, вучыліся ў яго і з ім сябравалі.
На сцэну паднімаліся людзі самых розных узростаў – ад шкаляроў да вядомых магілёўскіх літаратараў і паважаных кандыдатаў навук. Кожны знайшоў цёплыя словы ўдзячнасці вялікаму паэту за яго невымерную працу для нашай Айчыны, за вершы і думкі песняра, што натхняюць на шляху да Беларусі.
У выкананні саліста ВІА «Каскад» Леаніда Савіцкага прагучала адна з самых вядомых песень на верш Гілевіча «Вы шуміце бярозы... ». «Запаліла» залу бязмежным пачуццём гумару Тамара Цыганкова, прачыталі вершы Народнага паэта Сяржук Кавылкін, Настасся Латоціна, Карына Бурачэўская.
Шмат розных малавядомых і цікавых фактаў распавялі нашы літаратары Тамара Аўсяннікава і Сяргей Украінка, якія ў свой час вучыліся на факультэце, дзе выкладаў Ніл Сымонаваіч, а ў далейшым падтрымлівалі сяброўскія і творчыя адносіны з ім.
Узгадаў пра грамадскую і палітычную дзейнасць Ніла Гілевіча выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага універсытэту ім. А.А. Куляшова, кандыдат філалагічных навук, пісьменнік Яраслаў Клімуць. Спадар Яраслаў быў і першым старшынёй магілёўскага аб'яднання «Таварыства Беларускай Мовы ім. Ф.Скарыны», арганізацыі, якая робіць вялікі ўнёсак у захаванне беларускага слова і ля вытокаў якой стаяў Ніл Гілевіч.
– Для Беларусі гэта адно з самых значных імёнаў, яго змаганне за беларускасць, за тое, каб мы дайшлі да Беларусі – былі вельмі значнымі, як у мастацкай літаратуры, так і ў грамадскіх і палітычных справах – адзначыла літаратарка Тамара Аўсяннікава. – Я б параўнала Ніла Сымонавіча з вялікім волатам-дубам, які моцна стаіць на беларускай зямлі, змагаецца за яе, выконвае свой дар несці беларускасць не гледзячы ні на што. Гэта сапраўдны патрыёт, асветнік, прадаўжальнік традыцый нашых знакамітых песняроў – Купалы і Коласа.
Да 125-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Смоліча ў Магілёве прайшоў IV навукова-метадычны семінар, які арганізавалі Магілёўскі абласны аддзел Геаграфічнага таварыства, «Таварыства Беларускай Мовы ім. Ф. Скарыны», кафедра прыродазнаўства МДУ. У актавай зале вучэбнага корпуса №3 МДУ імя А.А. Куляшова сабраліся выкладчыкі універсітеэта і навукоўцы, настаўнікі геаграфіі, гісторыі, беларускай мовы, студэнты і проста неабыякавыя да падзеі грамадзяне.
Вёў семінар Ігар Шаруха – кандыдат педагагічных навук, дацэнт, загадчык кафедрай геаграфіі і аховы прыроды прыродазнаўчага факультэта МДУ.
Аркадзь Смоліч – наш выбітны зямляк (нарадзіўся ў мястэчку Бацэвічы, Клічаўскага раёна). Ён першы ў Беларусі прафесар геаграфіі, навуковец-эканаміст і глебавед, краязнаўца, драматург і грамадскі дзеяч. Аркадзь Смоліч пабудаваў падмурак для развіцця эканамічнай навукі Беларусі, эканамічнай геаграфіі, ён вёў грунтоўныя распрацоўкі па пытаннях размяшчэння вытворчых сіл і раянавання, шмат зрабіў для папулярызацыі навукі аб зямлі, і ў першую чаргу – зямлі беларускай. Дзякуючы яго працы выйшаў першы падручнік па геаграфіі Беларусі.
Смоліч прымаў актыўны ўдзел у стварэнні першай незалежнай беларускай дзяржавы – Беларускай Народнай Рэспублікі, быў у ёй міністрам земляробства. Пасля, на пачатку 20-х гадоў, пераехаў у БССР, дзе таксама нямала папрацаваў дзеля таго, каб нават у складзе СССР мы былі самастойнай, са сваёй адметнай адукацыяй і навукай, рэспублікай.
Як і бальшыня беларускіх навукоўцаў, Аркадзь Смоліч не пазбег і рэпрэсій, яго працы былі ў Беларусі пад забаронай фактычна да апошніх часоў СССР, хоць з імі было магчыма азнаёміцца ў Маскве ці нават Смаленску. Да сённяшняга часу яго напрацоўкі не страчваюць актуальнасці, а шмат чаго яшчэ як след не асэнсавана і чакае працы даследчыкаў.
«Геаграфія Беларусі» Аркадзя Смоліча – вучэбны дапаможнік, адначасова – навуковы твор і жывы, пранікнёны аповед пра беларускую зямлю, яе прыроду, гаспадарку і народ. У свой час яна атрымала шырокае грамадскае прызнанне, стала незаменнай крыніцай радзімазнаўства і самапазнання беларусаў.


Алесь Сабалеўскі











View the embedded image gallery online at:
http://www.mycity.by/kultura/item/7844-merapryemstvy-prsvechanyya-85-goddzyu-nila-gilevicha-i-125-goddzyu-arkadzya-smolicha-zladzili-magiljove#sigFreeIdd757d3503a
mycity.by
рейтинг: 
  • Не нравится
  • -2
  • Нравится
ПОДЕЛИТЬСЯ:

ОСТАВИТЬ КОММЕНТАРИЙ
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Новости