У беларускай і замежнай гістарыяграфіі недастаткова разгледжаны працэсы нацыянальнага і дзяржаўнага вызначэння ва ўсходняй частцы Беларусі. Асабліва ў Магілёве, які быў трэццім горадам у Расіі (пасля Петраграду і Масквы), у якім вызначаўся лёс імперыі. Варта адзначыць публікацыі Ю. Васілёўскага, Г. Іофе, У. Ляхоўскага, І. Пушкіна і А. Агеева,
С. Рудовіча, І. Філіповіча, якія пэўным чынам закранаюць дадзеную праблематыку [1; 3; 8; 14; 15; 16; 18].
Даследванні, якія праводзіліся ў апошні год, на падставе аналіза новых фактаў, адшуканых у архівах Беларусі і Літвы, дазволілі ўдакладніць шэраг спрэчных момантаў, па-новаму зразумець вытокі дзеянняў і ролю ўсходне-беларускай эліты ў справе нацыянальна- дзяржаўнага будаўніцтва і нацыянальнай ідэнтыфікацыі, тактыку дзейнасці беларускіх нацыянальных арганізацый, ліквідаваць недакладнасці, якія раней трывала ўвайшлі ў беларускую гістарыяграфію. Абвяргаюцца стэрэатыпы, што пануюць у адносінах да ролі ўсходнебеларускіх гарадоў у нацыятворчых працэсах ХХ ст. У прыватнасці, наступны: “Беларускі ўсход даўно гіпнатызаваў нас сваёй часам гратэскавай сур’ёзнасцю й касьмічнай місійнасьцю. Так ужо сталася, што формы палітычнай і нацыяналъна-кулътурнай актыўнасці там ніколі не былі надта разъвтыя, затое не бракавала неўструктураванай стыхійнай энэргіі. Ёсъцъ у ёй пэўная прывабнасъцъ, - не ў эфектыўна^ці, але эфектнасъцГ [2, с. 159].
Архіўныя дакументы дазволілі раскрыць працэс стварэння і дзейнасці Магілёўскага Беларускага Камітэта (МБК) - першай грамадскай арганізацыі ў ХХ ст. на тэрыторыі Усходняй Беларусі, якая з’яўлялася носьбітам ідэалагічнага руху па дасягненню і замацаванню аўтаноміі, адзінства і індывідуальнасцей беларускай нацыі. Кіравалі МБК: 4.04.
19.05.1917г. - І. Рэут, 24.05.-20.10.1917 г. - В. Какашынскі, з 20.10.1917 г. і да кастрычніка 1918 г. - М. Кахановіч [14, с. 215-220].
Спачатку МБК размяшчаўся ў ў будынку па Дняпроўскаму пр-ту, д. 12, пазней (па май 1918 г.) у памяшканні акруговага суда (будынак Марыінскай жаночай гімназіі па Дняпроўскаму пр-ту, сёння СШ № 1 г. Магілёва), у “Брацкіх радах", з чэрвеня 1918 г. у памяшканні аддзела народнай адукацыі Павятовай земскай управы (М. Садовая, 21). Перыядычна пасяджэнні адбываліся на кватэры І. Рэута (Дняпроўскі пр-т, д. 35), М. Кахановіча (Дняпроўскі пр-т, д. 83, кв. 5; Віленская, д. 23).
Колькасць прыхільнікаў МБК даволі хутка дасягнула некалькіх сотняў чалавек. Ствараліся яго структуры, у некаторых установах як самастойныя адзінкі. Напрыканцы 1917 г. у пачатку 1918 г. быў арганізаваны беларускі гурток пры рэальным вучылішчы [17, арк. 46 а]. Рабіліся захады па заснаванню філій МБК у павятовых гарадах губерні (Быхаве, Мсціслаўлі, Рагачове і інш.). Былі наладжаны кантакты з беларускімі арганізацыямі ў Віцебску, Гомелі, Оршы, з Беларускай народнай грамадой у Маскве.
Статут і дакументы аб дзейнасці дазваляюць сцвярджаць, што МБК прытрымліваўся ў нацыянальным кірунку пакрокавай стратэгіі, паступова прайшоўшы ад аўтаноміі ў складзе Расійскай імперыі да ідэй незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Цікавым і насычаным на падзеі стаў для МБК 1917 год. Прадстаўнікі МБК актыўна дзейнічалі ў шэрагу грамадскіх ўстаноў горада Магілёва, павета і губерніі: М. Кахановіч разам з прадстаўнікамі іншых арганізацый горада увайшоў у створаны пры губернскім камісары Камітэт грамадскай бяспекі, В. Кміта быў дэлегаваны для ўдзелу ў пасяджэннях Магілёўскай губернскай земляной камісіі, М. Судзілоўскі, У. Лукін дэлегаваны ў Магілёўскае павятовае земскае сабранне, М. Кахановіч, В. Кміта, Д. Алехновіч дэлегаваны ў Магілёўскі выканаўчы камітэт, прадстаўнікі МБК прысутнічалі на пасяджэннях Магілёўскага павятовага школьнага камітэта [7, арк. 22-99] і інттт.
13.08.1917г. адбыліся выбары ў Магілёўскую гарадскую думу. Упершыню ў гісторыі горада - усеагульныя, роўныя і прамыя пры тайным галасаванні. За беларускі спіс МБК прагаласавалі каля 2,1 тыс. гараджан, што дазволіла камітэту атрымаць 6 месцаў у думе з 64. Па выніках выбараў быў створаны Беларускі Камітэт гласных Гарадской Думы г. Магілёва. Адразу да яго пацягнуліся жыхары горада і прадмесцяў. Так ад імя насельніцтва Лупалава да Беларускага Камітэта гласных Гарадской Думы звярнуліся бацькі навучэнак Петра-Паўлаўскай школы з просьбай аб адкрыцці настаўніцкай семінарыі: “Граждане - Белоруссы! Целые
столетия стояла тьма над окраиной города Луполова! Только трактиры и пивные лавочки покрывали унылою сетью наше темное Луполово. И вот теперь, когда самосознание народностей прояснилось и народы увидели в чем заключается его счастье, народ вместе с политическим самоопределением и защитой своих национальных черт, своей национальной души стал стремиться к образованию. Эта жажда образования охватила и нас Луполовцев - белоруссов(падкрэслена мною - І.П .), мы собрали из своих последних средств 13 тысяч рублей и просим открыть учительскую семинарию... 300 родителей совместно со всем населением Луполова просит Вас поддержать при голосовании открытие на Луполово учительской семинарии и тем дать счастье всему белорусскому Луполовскому населению...” [5, арк. 103-103 адв.].
Напрыканцы лета - у пачатку восені 1917 г. адбывалася вылучэнне кандыдатаў на выбарах дэлегатаў на “Устаноўчы сход” па г. Магілёве. У газеце “Могилевская жизнь” за 16-23 кастрычніка быў апублікаваны спіс кандыдатаў ад МБК: М. Кахановіч, Д. Даўгяла, П. Счансноўскі, Я. Аляхновіч, А. Ляхтановіч [18, с. 24; 13, арк. 50]. Яны ўпяцёх ад камітэта ўвайшлі ў выбарчы спіс беларускіх арганізацый Магілёўскай губерніі на выбарах на Устаноўчы сход Расіі. Гэты спіс быў складзены ў выніку перамоваў з арганізацыямі Оршы (Аршанскі беларускі народны камітэт) і Гомеля (Гомельскі саюз беларускай дэмакратыі) і зацверджаны на агульным сходзе Беларускага Нацыянальнага Саюза (БНС), які адбыўся
12.10.1917г. у г. Магілёве [13, арк. 49-50 адв.].
Ідэя агульнага спісу беларускіх арганізацый Магілёўскай губерніі
спачатку знайтттла. падтрымку на з’едзе ў г. Орша (8.10.1917 г.) і на рашэнні якога моцна паўплывалі “маскоўскія беларусы” з А. Цвікевічам (маскоўская Беларуская народная грамада). На Магілёўскім агульным сходзе БНС прысутнічалі дэлегаты ад Аршанскай і Гомельскай арганізацый. Магілёўцы (менавіта такая саманазва ўжываецца ў пратаколе схода) пасля абмеркавання таксама выступілі за фарміраванне адзінага спісу. Пад № 1 быў зацверджаны прадстаўнік Масквы (А. Цвікевіч), № 2 ад Оршы (М. Ляўковіч), № 3 ад Магілёва (М. Кахановіч), № 4 ад Гомеля (Д. Гулевіч) і г.д. У сваім выступе на сходзе аршанец М. Ляўковіч адзначыў: “местная интеллигенция мало уделяет внимания национальному движению, но скоро наступит время, когда мы все возьмем в свои руки. Нам необходимо объединиться и привлечь крестьянскую среду, пробудив в них народное самосознание” і далей, пры абмеркаванні пытання правядзення з’езда беларускіх арганізацый, прапанаваў: “центром
Белоруссии сделать Могилев и по этой причине провести съезд” [13, арк. 50-50 адв.] (выдзелена мною - І.П.).
Беларускія арганізацыі Падняпроўя прапаноўвалі 5.01.1918 г. склікаць у Магілёве з усёй Беларусі прадстаўнікоў земстваў, гарадскіх дум, саветаў, беларускіх партый і арганізацый і ўтварыць тут часовы орган кіравання краем - Беларускі народны савет. Яго галоўная місія палягала б у правядзенні выбараў у пастаянны орган улады - Беларускую краёвую думу. Гэта быў адзін з праектаў стварэння ў Беларусі самастойнай сістэмы ўлады [15, с. 208-209].
Магілёў мог стаць не толькі краёвым цэнтрам, але і сталіцай Беларусі (аўтаномнай адміністратыўнай адзінкі або самастойнай дзяржавы). Аднак быў выбраны іншы варыянт - Усебеларускі з’езд быў праведзены ў снежні 1917 года ў Мінску, за якім замацаваўся статус сталіцы. Тым не менш, у 1930-я гг. савецкія ўлады паспрабавалі пераўтварыць Магілёў у сталіцу БССР. 19.10.1937 г. бюро ЦК КП(б)Б пастанавіла “лічыць мэтазгодным перанесці сталіцу з Мінска ў Магілёў”, 19.04.1938 г. адпаведную пастанову СНК СССР і ЦК УКП(б) падпісалі В. Молатаў і І. Сталін [10, арк. 8-11]. І толькі падзеі пачатку Другой сусветнай вайны перашкодзілі гэтаму.
Вынікі выбараў ва Ўстаноўчы сход для беларускіх арганізацый былі няўдалыя, перамогу атрымалі агульнарасійскія партыі: эсэры, бальшавікі і інш. [4, с. 9] Аднак фарміраванне асобнага спісу беларусаў дазволіла выйсці на новы, агульнарасійскі ўзровень палітычнай дзейнасці беларускіх арганізацый Усходняй Беларусі. Дзякуючы перадвыбарчай агітацыі праграмныя палажэнні МБК сталі больш шырока вядомы грамадскасці, што дазволіла ў будучым аказваць значны ўплыў на палітычную сферу Магілёва і губерніі, узрасла роля камітэта ў працэсе фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў Магілёўшчыны.
Вясной 1918 г. ва ўмовах знаходжання ў Магілёве корпуса І. Доўбар- Мусніцкага ў Выканаўчага Камітэта МБК (МБР) выспела ідэя правядзення
прадстаўнічага форума, на якім планавалася абмеркаваць апошнія палітычныя падзеі ў Беларусі. 28.03.1918 г. на пасяджэнні Выканаўчага камітэта абмяркоўваўся праект павесткі агульнага схода членаў МБР з удзелам дэлегатаў ад губернскіх і павятовых земстваў, гарадскога
самакіравання, прадстаўнікоў устаноў, грамадскіх нацыянальных і прафесійных арганізацый, палітычных партый. Цікавай выглядае прапанова ВК, якую планавалі абмеркаваць на сходзе: “организовать в Могилеве Совет, который бы состоял из представителей
национальностей населяющих Мог. губ. пропорционально числу жителей каждой национальности с решающем голосом и представителей Земств, Городов, правительственных и общественных учреждений, профессиональных организаций и политических партий с совещательным голосом. Совет этот не имеет официального характера, должен содействовать своими постановлениями объединению Белорусского Края, созданию Центральной власти в Крае, а также влиять в этом направлении на деятельность перечисленных выше организаций и групп1" [11, арк. 65адв.-67]. Аднак на агульным сходзе, асноўным стала зусім іншае пытанне. Стала вядома аб абвяшчэнні ў Мінску Беларускай Народнай Рэспублікі.
31.03.1918г. па ініцыятыве МБК у памяшканні акруговага суда, які тады размяшчаўся ў будынку Марыінскай жаночай гімназіі (сёння СШ № 1 г. Магілёва), адбыўся сход прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, партый і ўстаноў мясцовага кіравання (прысутнічала каля 400 чал.) [9, арк. 1-26].
На сходзе асноўныя падзеі разгарнуліся пры абмеркаванні пытання арыентацыі Беларускай Народнай Рэспублікі: “одни ораторы полагали, что Белоруссия не должна отделяться от Великороссии, другие подчеркивали необходимость ориентации на Запад и, наконец, третьи громадное большинство - указывали на то, что ориентация должна быть только местная, национально - Белорусская” (падкрэслена мною - І.П.). Для галасавання было прапанавана адказаць на тры пытанні. Вось два першыя: “1. Признает ли собрание желательным и необходимым установление Белорусской Народной Республики? 2. Признает ли собрание необходимым организацию на демократических началах центральной Белорусской Рады в Минске, как верховного органа управления краем?”. У выніку амаль аднагалосна было падтрымана стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі і прызнанне ўлады Беларускай Цэнтральнай Рады ў Мінску, як органа кіравання ўтворанай дзяржавы на тэрыторыі ў межах разсялення беларускага народа [6, арк. 68-69].
Варта падкрэсліць, што тэрыторыя БНР ахоплівала не толькі Віцебшчыну, Магілёўшчыну, Гомельшчыну, але і частку Смаленскай Бранскай і Пскоўскай абласцей сучаснай Расійскай Федэрацыі. Ухваленне стварэння БССР 1.01.1919 г. прадугледжвала практычна тыя ж межы.
16.01.1919г. па рашэнні ЦК Расійскай кампартыі (бальшавікоў) ад БССР у склад РСФСР былі забраны землі былых Магілёўскай, Віцебскай і Смаленскай губерній. І толькі ў 1924 і 1926 гг. Савецкай Беларусі вярнулі частку таго, што было захоплена ў 1919 г.
26.05.1918 г. Магілёў быў заняты германскімі войскамі. Імкненне магілёўцаў да прызнання незалежнасці БНР як рэакцыі на дзеянні уладаў Савецкай Расіі і Германіі ў дачыненні да падзелу тэрыторыі Беларусі, выклікала негатыўныя дзеянні з боку германскіх акупацыйных уладаў. Апошнія ў чэрвені - ліпені 1918 г. пачалі працэс ліквідацыі (“упразднения”) Магілёва як губернскага цэнтра [12, арк. 75], але гэтаму перашкодзілі падзеі апошніх месяцаў Першай сусветнай вайны.
Падобным чынам на незалежніцкія настроі магілёўцаў адрэагавала і Савецкая ўлада. Існуе версія па якой менавіта за прызнанне Незалежнасці Беларусі, пасля ўсталявання савецкай улады ў 1919 г., Магілёў пазбавілі губернскага статуса, ператварыў яго ў павятовы цэнтр Гомельскай губерні РСФСР.
Такім чынам, дзейнасць Магілёўскага Беларускага Камітэта ў 19171918 гг. абвяргае склаўшыяся стэрэатыпы, што пануюць у адносінах да ролі ўсходнебедарускіх гарадоў у нацыятворчых працэсах ХХ ст. Праведзеныя даследаванні дазваляюць па-новаму ацаніць ролю ўсходнебеларускай эліты ў справе нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва, нацыянальнага самавызначэння і ідэнтыфікацыі беларускага насельніцтва. Вынікам самавызначэння беларусаў Магілёва можна лічыць правядзенне схода 31.03.1918 г. - адзінага выпадку маштабнай падтрымкі стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў значным цэнтры Беларусі. Працэсы нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва, якія адбываліся ў гады Першай сусветнай вайны, маглі прывесці да таго, штоМагілёў мог стаць першай сталіцай Беларусі ў ХХ ст.
Спіс літаратуры і крыніц:
1.Васілеўскі, Ю. Кахановіч Міхаіл Сілуянавіч / Ю. Васілеўскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т.4. / Беларус.Энцыкл.; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. - Мінск: БелЭн, 1997. - С. 153.
2.Васілеўскі, Ю. Літаратурны акалот: Антон Беларусаў-Скалка / Ю. Васілеўскі, А. Сёмуха // Запісы БІНІМ. - NEWYORK. - 1999. - № 23. -
С.149-164.
3.Иоффе, Г.З. «Белое дело». Генерал Корнилов / Г.З. Иоффе. - М: Наука, 1989. - 291 с.
4.Лавринович, Д.С. Либеральные организации России и белорусский национальный вопрос в 1917 г. / Д.С.Лавринович // Веснік Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А.А.Куляшова. Серыя А. Гуманітарныя навукі. - 2012. - № 1. - С. 4-10.
5.Ліст ад 19.10.1917 г. у Беларускі Камітэт гласных Гарадской Думы ад насельніцтва Лупалава і бацькоў Петра-Паўлаўскай школы // БДАМЛМ. - Фонд 3. - Воп. 1. - Спр. 137.
6.Ліст каменданту горада Магілёва. Пратакол агульнага схода магілёўцаў ад 31.03.1918 г. // БДАМЛМ. - Фонд 3. - Воп. 1. - Спр. 136.
7.Лісты і пастановы МБАК за 1917 г. // БДАМЛМ. - Фонд 3. - Воп. 1. - Спр. 137.
8.Ляхоўскі, У. Магілёўскі Беларускі Камітэт / У. Ляхоўскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5 / Беларус.Энцыкл.; Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інттт. - Мінск: БелЭн, 1999. - С. 24.
9.Мандаты дэлегатаў сходу // Lietuvos centrinis valstybes archyvas . - Фонд 582. - Воп. 2. - Спр. 65.
10.Пастанова СНК СССР і ЦК УКП(б) // Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці. - Фонд 11. - Воп. 1. - Спр. 64.
11.Пратакол пасяджэння ВК МБР 28.03.1918 г. // БДАМЛМ. - Фонд 3. - Воп. 1. - Спр. 136.
12.Пратакол пасяджэння ВК МБР 2.07.1918 г. // БДАМЛМ. - Фонд 3. - Воп. 1. - Спр. 136.
13.Протокол общего собрания Белорусского Национального Союза от 12.10.1917 г. // БДАМЛМ. - Фонд 3. - Воп. 1. - Спр. 136.
14.Пушкін, І. Стварэнне і дзейнасць Магілёўскага Беларускага Камітэта / І. Пушкін, А. Агееў // Гарадзенскі соцыум 2013. Гісторыя і памяць. XV-ХХ стст. / Пад рэд. А.К. Краўцэвіча і А.Ф. Смаленчука. - Гродна, 2014. - С. 212-229.
15.Рудовіч, С. У пошуках нацыянальнай ідэнтычнасці: Беларуская патрыятычная арганізацыя ў Магілёве ў 1917-1918 гг. / С. Рудовіч // Мінулая і сучасная гісторыя Магілёва: зборнік навуковых прац / Уклад. І.А.Пушкін. - Магілёў: УПКП “Магілёўская абласная узбуйненая друкарня”, 2001. - С. 203-209.
16.Рудовіч, С. Час выбару: Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 годзе / С.Рудовіч. - Мінск: Тэхналогія, 2001. - 201 с.
17.Статут Беларускага гуртка рэалістаў (рэальнага вучылішча) // Lietuvo smoksli akademijos Vrublevskiy biblioteka Rankrasciy skurius. - Фонд 21. - Спр. 2218.
18.Филиппович, И.И. Могилев. Хроника событий 1917-1918 (по архивным и печатным материалам) / И.И.Филиппович. - Могилев, 1995. - 124 с.
І.А. Пушкін, Магілёў (Беларусь),
Магілёўскі дзяржаўны ўнівесітэт харчавання