Назараўская стараабрадніцкая абшчына г. Бабруйска » mogilew.by
 

Назараўская стараабрадніцкая абшчына г. Бабруйска

 

Традыцыйна ў г. Бабруйску існавалі некалькі асобных груп стараабрадніцкага насельніцтва. Умоўна гэтыя супольнасці можна падзяліць на Паўночную (Назараўскую), Цэнтральную і Фарштатную (ці Паўднёвую ў некаторых справаздачных дакументах Упаўнаважанага). Стараабрадніцкія групы розніліся не толькі тэрытарыяльна, але і па асаблівасцях веравучэння, гэта значыць належалі да розных толкаў.
Паўночная і Цэнтральная абшчыны адносіліся да стараабраднікаў- паморцаў, а Фарштатная абшчына - да федасееўцаў .
Для бабруйскіх стараабраднікаў у цэлым характэрна тэндэнцыя да адасаблення ў асобныя супольнасці і жаданне ствараць для кожнай асобныя малітоўныя дамы і абіраць “сваіх” духоўных настаўнікаў [2, арк. 28]. Улады ж наадварот, імкнуліся як мага больш узбуйніць рэлігійныя супольнасці. З гэтай прычыны ў 1946 годзе Упаўнаважаны па тагачаснай Бабруйскай вобласці Кулічкоў сваім рашэннем спыняе самастойную рэлігійную дзейнасць Паўночнай стараабрадніцкай рэлігійнай абшчыны і далучае яе да Цэнтральнай [13, арк. 2]. Афіцыйным абгрунтаваннем аб’яднання называецца адсутнасць у Паўночнай абшчыны будынка царквы (згарэў ў часы вайны) і незаконнае правядзенне рэлігійных сходаў ў жылым доме па вуліцы Камбінацкай. Аднак ужо ў 1949 годзе і Цэнтральная рэлігійная абшчына была знята з рэгістрацыі[2, арк. 26]. Такім чынам, на сярэдзіну ХХ стагоддзя ў Бабруйску існавала адзіная зарэгістраваная стараабрадніцкая супольнасць федасееўцаў на Фарштаце.
Паўночная рэлігійная абшчына па-іншаму ў архіўных дакументах завецца Назараўскай, па назве пасёлка, у якім пражывала частка абшчыннікаў. Цэнтр яе знаходзіўся па вуліцы Камбінацкай, 171. Агульная колькасць вернікаў ў ёй на 1955 год складала 600 чалавек [5, арк. 97]. Архівы захавалі для нашчадкаў імёны распарадчага органа абшчыны, так званай “дваццаткі” за 1957 год [4, арк. 4, 4адв, 9].
Першым дакладна вядомым паваенным духоўным настаўнікам абшчыны быў абраны Сямёнаў Афанасій Іванавіч [3, арк. 62]. Па афіцыйных дадзеных, ён пражываў у пасёлку Рэкорд Хімаўскага сельскага савета Бабруйскага раёна [5, арк. 30]. З 1953 годзе ён кіраваў групай стараабраднікаў ў вёсцы Шараёўшчына Кіраўскага раёна [3, арк. 62; 4, арк. 57]. Але шараёўшчынскую абшчыну так і не ўдалося афіцыйна зарэгістраваць. Верагодна таму Сямёнаў перабраўся у горад, дзе і праявіў свае арганізатарскія і лідарскія якасці. Аднак заставаўся кіраўніком рэлігійнай абшчыны ён не доўга, агульны тэрмін ягонага настаўніцтва - з пачатку 1957 года па верасень 1959 года. Сярод актывістаў назараўскай абшчыны можна назваць імёны Чарнова К.Я., Іванова М. А., Фралова У.В., братоў Вараб’ёвых М. Р і Н. Р., Маслава Г.С., Войтава В.З.
На “тэрыторыі” Назараўскай абшчыны знаходзіліся стараабрадніцкія могілкі. Але будынка царквы ці каплічкі на могілках не было, згарэла ў гады вайны. Таму ў 1956 годзе назараўцы вырашалі пабудаваць новае памяшканне.
Па гэтай прычыне стараабраднікі прасілі адпусціць ім зямельны надзел для пашырэнне могілак, што і было задаволена Рашэннем пасяджэння праўлення калгаса імя Сталіна Слабодкаўскага сельскага савета Бабруйскага раёна ад 29 лістапада 1956 года. Назараўская рэлігійнай абшчыне для пабудовы малітоўнага дома было перададзена 0,15-0,17 га зямлі, прылеглай да могілак [4, арк. 23]. У ліпені 1956 года старшыня гарвыканкама Разанцаў дае згоду на будаўніцтва малітоўнага дома на тэрыторыі могілак [4, арк. 30]. Больш таго, ён прысутнічае пры закладцы фундамента, у жніўні таго ж года [4, арк. 25]. І рэкамендуе абшчыне хутчэй скончваць будаўніцтва і афармляць афіцыйную рэгістрацыю [4, арк. 13ад]. Аднак вышэйстаячыя органы расцанілі дзеянні старшыні гарвыканкама Разанцава як “способствующие в незаконном строительстве незарегистрированной группе старообрядцев” і аб’явілі яму строгую вымову за “ притупление политической бдительности” [4, арк. 34; 5, арк. 79].
Тым не менш, да канца года будынак быў пабудаваны, а цалкам скончана будаўніцтва ў пачатку 1957 года. Малітоўны дом будаваўся высілкамі саміх чальцоў рэлігійнай супольнасці - як чалавечымі, так і грашовымі [3, арк. 62]. Сямёнавым, Івановым, Вараб’ёвым, Купрэевым, Маславым, Войтавым і Чарновым быў арганізаваны збор грошаў [4, арк. 27]. Усяго здолелі сабраць каля 25000 рублёў, якія былі вытрачаныя на пакупку зруба і будаўнічых матэрыялаў [4, арк. 26]. Будынак малітоўнага дома быў куплены ў вёсцы Малая Вольса Клічаўскага раёна і перавезлі сплавам па рацэ ў Бабруйск [4, арк. 11, 12].
Дом уяўляў сабой драўляны адпавярховы будынак з верандай. Асноўны аб’ем будынка складаўся з некалькіх памяшканняў. Першае прахадное - пярэдняя з адным акном, памер памяшкання складаў крыху больш за 16 метраў квадратных. Другое памяшканне - непасрэдна малельная з трыма вокнамі і памерам 65,5 квадратных метраў. Дах крыты гонтам. Малітоўны дом атрымаў афіцыйны адрас па вуліцы Камбінацкай 171а. У Магілёўскім дзяржаўным абласным архіве захоўваецца план- праект малітоўнага дома [4, арк. 16].
Адкрыццё малітоўнага дома ўрачыста праходзіла 1 лістапада 1956 года [4, арк. 62]. Асвячаў царкву духоўны настаўнік Фарштатнай абшчыны Маслаў. Ён жа і зацвердзіў духоўнага настаўніка абшчыны Сямёнава святаром новай царквы [4, арк. 11адв].
Пасля пабудовы царквы, у лютым 1957 года гарсавет дазволіў вернікам аформіць малітоўны дом. Рашэннем Бабруйскага гарадскога выканкама ад 15.02.1957 года стараабрадніцкай абшчыне дазваляюць аформіць пабудаваны малітоўны дом [4, арк. 21].
З гэтага моманту Паўночная стараабрадніцкая абшчына г. Бабруйска намагалася атрымаць афіцыйную рэгістрацыю. Яна некалькі разоў дасылала дакументы на імя Упаўнаважанага па Магілёўскай вобласці і нават на імя Хрушчова і Булганіна. Стараабраднікі пісалі свае хадайніцтвы вельмі эмацыйна, нават наіўна. Для прыкладу прывядзем урывак з заявы Духоўнага настаўніка Назараўскай абшчыны А. Сямёнава: “Так как церкви служат без всяких ... наш молитвенный дом и община не может быть сиротой в Советской стране. Мы молимся за правительство, за русскую землю, за города, за воинов и всё христианство” [4, арк. 19авд]. Але рэгістрацыі рэлігійнай супольнасці так і не адбываецца. Цягам года ўлады мяняюць свае намеры і восенню 1957 года гарвыканкам палічыў пабудову безгаспадарчай і вырашыў муніцыпалізаваць яе на баланс гаркамунгаса [4, арк. 41]. Рашэннем ад 18 кастрычніка 1957 года дом закрываюць і апячатваюць [3, арк. 128]. Свае рашэнне улады аргументавалі тым, што стараабрадніцкай рэлігійнай супольнасці па вуліцы Камбінацкай 171не існуе, таму дом ёй належаць не можа і з’яўляецца нічыйным [4, арк. 36].
Гэтыя дзеянні не перашкодзілі вернікам праводзіць малітоўныя зборы надалей ў гэтай жа царкве - пячаткі былі вернікамі сарваныя. У адказ гарвыканкаму даручана забіць уваход дошкамі і павесіць алавяную пячатку, і у хуткім часе знайсці для памяшкання больш прыязнага карыстальніка [4, арк. 53]. 4 чэрвеня 1959 года памяшканне заняў
Міжрайторг і выкарыстоўваў пад склады [4, арк. 56, 62адв].
Між іншым, актыўная пазіцыя настаўніка Сямёнава, паток яго скаргаў і хадатайніцтв сталіся не да спадобы Упаўнаважанаму Вярбіцкаму. Апошні вызывае царкоўны актыў Назараўскай абшчыны і “даводзіць” ім аб мэтазгоднасці зняць Сямёнава з пасады настаўніка, матываваўшы, што менавіта з-за дзейнасці настаўніка быў канфіскаваны малітоўны дом. Што і адбываецца, рашэннем агульнага схода вернікаў ад 1.09.1959 года царкоўны савет абшчыны вызваляе Сямёнава А.І. ад абавязкаў настаўніка [4, арк. 55-56а].
Змаганне за будынак працягвалася. У 1962 годзе ад імя абшчыны падае чарговае хадайніцтва Іваноў Мікіта Антонавіч [4, арк. 64-65ад]. Цікавае яно найперш тым, што да заявы дадаецца спіс вернікаў - 178 подпісаў [4, арк. 66-74]. Спіс з’яўляецца важным і адзіным дакументам, па якому можна вызначыць па-асобныя імёны, гады нараджэння і адрасы вернікаў Назараўскай абшчыны [2, арк. 6-7].
Што тычыцца агульнай сітуацыі ў Назараўскай абшчыне ў канцы 1950-х гадоў, то яна наступная. Па афіцыйным дадзеным, адбылося змяншэнне колькасці абшчыны з 600 чалавек ў 1955 годзе, да 500 чалавек ў 1959 годзе, але здаецца слушным, што лічбы маглі быць спецыяльна заніжаны Упаўнаважаным для лепшага выгляду справаздач і бачнасці актыўнай працы па скарачэнню колькасці вернікаў. На такі падыход указвае той факт, што па выніках апошніх даследаванняў, канец 1950-х гадоў з’яўляецца часам, калі колькасць стараабраднікаў дасягае свайго гістарычнага максімума па вобласці.
З-за таго, што абшчына так і не была афіцыйна зарэгістраваная гісторыя яе ў 1960-80-я гады прасочваецца вельмі цьмяна. Рэлігійная супольнасць усяго некалькі разоў узгадываецца ў справаздачных дакументах Упаўнаважанага і акрамя справы з малітоўным домам на могілках не згадваецца. Можна толькі канстатаваць, што дзейнасць Назараўскай абшчыны не спынілася. Як і раней праводзіліся богаслужэнні, у тым ліку на Вялікдзень. Змяніўся толькі адрас - вуліца Камбінацкая, 176 [6, арк. 39]. Пабудаваны высілкам абшчыны малітоўны дом, рашэннем выканаўчага камітэта Бабруйскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных ад 12 снежня 1966 года №758, перададзены 4-й гарадской бібліятэкі [14].
У 1960-я гады нагляд за рэлігійнымі святамі выконвала Камісія садзейнічанню кантролю за выкананнем заканадаўства аб рэлігійных культах.
Менавіта ў яе кампетэнцыю ўваходзіў нагляд за рэлігійнымі супольнасцямі у тым ліку ў дні царкоўных свят - Раства, Вялікдня і інттт. Так, па матэрыялах камісіі вядома, што ў 1960-я гады ў стараабрадніцкіх цэрквах г. Бабруйска рэлігійныя казанні і прамовы не прамаўляліся, а богаслужэнне абмяжоўвалася чытаннем малітоўных кніг [6, арк. 32].
Па ускосным дадзеным, можна канстатаваць, што на працягу 1970-х гадоў стараабрадніцкая Назараўская абшчына хоць і не была зарэгістраванай, але мела даволі вялікі склад. Так, Упаўнаважаны Залескі ў “інфармацыйнай запісцы” ў 1977 годзе падае наступныя факты. Ён адзначае, што у Магілёўскай вобласці дзейнічае 5 рэлігійных супольнасцяў стараабраднікаў, сярод якіх у Назараўскай абшчыне пражывае найбольшая колькасць вернікаў. Пры гэтым падкрэслівае, што наведванне малітоўнага дома нават у дні рэлігійных свят невялікая - да 200 чалавек [7, арк. 42].
З-за адсутнасцю ў абшчыны стала месца правядзення рэлігійных практык, набажэнства праводзяцца ў дамах вернікаў па чарзе. На звычайныя малітоўныя зборы ў 1980-я гады збіралася каля 80-100 чалавек [8, арк. 63]. На важныя рэлігійныя святы вернікаў было значна больш. Дакладныя лічбы не вядомы, але па заўвазе Упаўнаважанага на Вялікдзень у 1982 годзе на вечаровае набажэнства вернікі поўнасцю запоўнілі памяшканне [8, арк. 69].
З прычыны таго, што абшчына так і не была зарэгістраваная, немагчыма прасачыць змену духоўных настаўнікаў. У дакументах пазначана толькі, што настаўнік быў і што ён не зарэгістраваны. Дакладнага імя духоўнага айца, які (ці якія) змянілі Сямёнава нам знайсці не ўдалося. Але ў 1983 годзе гэты невядомы настаўнік памірае, у сувязі з гэтым, на Велікодныя святы бягучага і некалькіх будучых гадоў, агульных збораў не праводзілася, а вернікі “маліліся па дамах” [9, арк. 33-34; 10, арк. !6].
Як не намагалася, але Назараўская абшчына так і не была зарэгістраваная цягам 1980-х гадоў. Ёй пастаянна адмаўлялі па прычыне немэтазгоднасці рэгістраваць малаколькаснае і вельмі ўзроставае аб’яднанне [11, арк. 21-22]. Хаця дакументы Упаўнаважанага сведчаць аб іншым. У параўнанні з зарэгістраванымі абшчынамі, Назараўская адрозніваецца стабільнай колькасцю вернікаў і рэлігійнай актыўнасцю нават з адсутнасцю духоўнага настаўніка.
Толькі пад час актыўнай фазы перабудовы, на прыканцы 80-х гадоў ХХ стагоддзя Паўночнай стараабрадніцкай абшчыне горада Бабруйска давялося займець афіцыйную рэгістрацыю. Супольнасці быў таксама вернуты будынак царквы [12, арк. 22]. Першыя набажэнствы былі праведзеныя ў вернутай царкве ў 1990 годзе “На Міколу”. Духоўным настаўнікам у абшчыне быў абраны Іван Уласавіч Курлянчык. У цяперашні час настаўнікам Назараўскай абшчыны з’яўляецца Арсеній Якаўлевіч Іваноў, які прыязджае на правядзенні набажэнстваў з вёскі Баранавічы [1, с. 8].
Спіс літаратуры і крыніц:
1.Вестник Центрального Совета Древлеправославной Поморской Церкви в Беларуси. - 2011 г. - №11. - 26 с.
2.Дзяржаўны архіў Магілёўскайя вобласці (ДАМВ). - Ф.2336. - Воп. 1. - Спр. 8.
3.ДАМВ. - Ф.2336. - Воп. 1. - Спр. 10.
4.ДАМВ. - Ф.2336. - Воп. 1. - Спр. 11.
5.ДАМВ. - Ф.2336. - Воп. 1. - Спр. 15.
6.ДАМВ. - Ф.2340. - Воп. 1. - Спр. 33.
7.ДАМВ. - Ф.2340. - Воп. 1. - Спр. 43.
8.ДАМВ. - Ф.2340. - Воп. 1. - Спр. 66.
9.ДАМВ. - Ф.2340. - Воп. 1. - Спр. 71.
10.ДАМВ. - Ф.2340. - Воп. 1. - Спр. 76.
11.ДАМВ. - Ф.2340. - Воп. 1. - Спр. 79.
12.ДАМВ. - Ф.2340. - Воп. 1. - Спр. 103.
13.Занальны Дзяржаўны Архіў у г. Бабруйску. - Ф.1129. - Воп. 1. - Спр. 5.
14.Учреждение культуры “Централизованая библиотечная система г. Бобруйска” [Электронный ресурс.] - Режим доступа http://bobrnisk- library.by/biblioteki-goroda/massovye/gb-no4-im-b-mikulicha/. - Дата доступа : 28.12.2014 г.


І.М. Мароз, г. Брэст (Беларусь),
“Брэстрэстаўрацыяпраект” філіал ААТ “Белрэстаўрацыя”

рейтинг: 
  • Не нравится
  • 0
  • Нравится
ОСТАВИТЬ КОММЕНТАРИЙ
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Новости