Некаторыя звесткі з гісторыі будынкаў па вуліцам Ленінская і Першамайская г.Магілёва » mogilew.by
 

Некаторыя звесткі з гісторыі будынкаў па вуліцам Ленінская і Першамайская г.Магілёва

 

Неабходна адзначыць, што за апошняе дзесяцігоддзе вырасла цікавасць шырокай аўдыторыі да мінулага свайго горада, у тым ліку і да гісторыі старых будынкаў, што захаваліся ў гістарычнай частцы Магілёва. Каштоўныя звесткі аставіў нам вядомы магілёўскі краязнаўца І.Філіповіч, архіў якога захоўваецца ў фондах Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея. У сувязі з гэтым аматарам гісторыі і краязнаўцам будзе цікава пазнаёміцца з некаторымі звесткамі з гісторыі старых будынкаў, што з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
Вул.Ленінская, 20
Пабудаваны ў кан.19 ст. як жылы дом. Будынак цагляны, трохпавярховы, атынкаваны. Належыў А.Магітсону. У 1912 г. ён трымаў тут вінна- гастранамічную краму. Яшчэ ў будынку размяшчалася вялікая крама музычных інструментаў і нот А.Сыркіна, на другім паверсе - грамадская бібліятэка Ц.Сыркінай, на трэцім - прыватная жаночая гімназія сп.Касовіч. У 1990-2000 гг. заняты пад магазіны Цэнтррайхарчгандля, пазней тут размясцілася аптэка “Зялёны ліст”, гандлёвыя кропкі, жылыя кватэры.

 
Вул.Ленінская, 22
Пабудаваны ў пач.20 ст. як жылы. Будынак цагляны, атынкаваны, трохпавярховы, Т-падобны ў плане. Належыў Гіршы Маховеру (мелася 34 пакоі, два мураваныя двухпавярховыя флігелі). Да 1917 г. тут размяшчалася аддзяленне Паўднёва-прамысловага банка, аптэка Зелінскага. З 1912 г. у скляпеннях знаходзілася падпольная бібліятэка групы актывістаў газеты “Праўда” на чале з А.І.Чарніцкім, аб чым сёння сведчыць мемарыяльная дошка, усталяваная ў 1962 г. У 1919 г. на першым паверсе размясцілася ўстанова здраўаховы, другі паверх (былыя пакоі Маховера) заняў выканкам саюза навучэнцаў г.Магілёва і 3-ці - саюз рабочай моладзі Трэцяга Інтэрнацыянала. Падвальныя памяшканні былі заняты кватэрамі. У 1924 г. тут размяшчаўся клуб швейнікаў, затым саюз кустароў. Пасля вайны - магілёўскі марскі клуб і радыёклуб ДОСААФ. Зараз на верхніх паверхах жылыя кватэры, на першым - кафэ-бар “Пасад”

 
Вул.Ленінская, 28
Трохпавярховы будынак з’яуляецца часткай адзінага комплекса забудовы вул.Ленінскай. Пабудаваны як жылы ў пач.20 ст., належыў Сары Зальмаўне Зільберман (меў 74 пакоі). Да 1917 г. на першым паверсе размяшчалася Лясное межавае бюро А.І.Залманава, аддзяленне Азова-Данскога банка, 6 крам, у тым ліку пісчапапяровая С.П.Левіна, Меерзона. У 1909 г. будынак часткова займала таварыства ўзаемнага крэдыта. Пасля рэвалюцыі тут размясціліся савецкія ўстановы: другі паверх займалі аддзел губсаўнархоза і жылыя кватэры; трэці паверх - канцэлярыя будаўнічага аддзела губсаўнархоза. На першым паверсе размясціліся склады губсаўнархоза, аддзел апрацоўкі металаў. У 1918 г. падчас нямецкай акупацыі ў будынку была рэдакцыя газеты “Рэха”, з лістапада, пасля вызвалення, - рэдакцыя “Известий” Магілёўскага губрэўкома, затым Упраўленне савецкімі друкарнямі.
У двары дома калісьці размяшчаліся два флігеля на 46 пакояў, якія таксама пасля 1917 г. былі рэквізіраваны пад савецкія ўстановы. У двары побач з флігелямі стаяў яшчэ адзін драўляны дом на мураваным фундаменце (не захаваўся), дзе размяшчалася сінагога Зільберман.
Цяпер гэта жылы дом з кніжнай крамай “Асвета” на першым паверсе.

 
Вул.Ленінская, 34
Пабудвананы ў 10-ыя гг. 20 ст. з цэглы, як жылы. Трохпавярховы, на невысокім цокале. Належыў купцу Атліваннікаву. У 1918 г. тут размяшчаўся уездны камітэт харчавання. Падчас нямецкай акупацыі ў будынку, у былым кафэ-шантане, размяшчалася грамада беспрацоўных афіцэраў і зборны этапна- явачны пункт былых афіцэраў, завярбованых антысавецкім падполлем. Тут завярбованныя дабравольцы з ліку быўшых афіцэраў атрымлівалі часовы прытулак і забяспечваліся грашыма, затым перапраўляліся праз акупіраванную немцамі тэрыторыю на Дон да генерала Краснова. Гэты пункт быў Магілёўскім аддзяленнем антырэвалюцыйнай і антысавецкай арганізацыі, што знаходзілася ў Смаленску. Арганізацыя мела мэтай садзеянне германскаму камандаванню ў барацьбе з бальшавікамі і ўзнаўленне манархіі. У 20-ыя гг. 20 ст. будынак нацыяналізаваны. Нейкі час тут размяшчалася Надзвычайная камісія. Пазней выкарыстоўваўся як жылы, размяшчаліся розныя установы. Цяпер у будынку - дзіцячая мастацкая школа № 2.

 
Вул.Ленінская, 38
Пабудаваны ў кан.19 ст. з цэглы як жылы. Будынак трохпавярховы, атынкаваны, прамавугольны ў плане, на паўпадвальным цокале. Належыў Сенажынскаму. У двары дома мелася 5 гаспадарчых пабудоў. У доме - вялікі падвал. На першым паверсе мелася 11 пакояў, на другім паверсе - 9 пакояў. Да 1917 г. будынак займала габрэйская школа і 4-х класнае народнае вучылішча, гарадское паліцэйскае ўпраўленне. У 1919 г. 12 пакояў будынка займала 18-я савецкая школа I ступені; 17 пакояў - кватэранаймальнікі, 15 пакояў 3-га паверха пуставала. У падвале размясціліся дзве кватэры і склад. У 20-ыя гг. 20 ст. будынак нацыяналізаваны, выкарыстоўваўся як жылы. Цяпер на другім паверсе жылыя кватэры, на першым - гандлёвыя ўстановы.

 
Вул.Ленінская, 40
Пабудаваны ў 10-ыя гг. 20 ст. з цэглы як жылы. Будынак двухпавярховы, прамавугольны ў плане. Належыў Відаровічу. Дом меў вялікія скляпенні і два драўляныя флігелі ў двары, вялікі сад на 426 сажаняў. У падвале ў наём здаваліся дзве кватэры. На першым паверсе мелася 8 пакояў. У 1909 г. у доме размяшчалася толькі што адкрытае аддзяленне Азова-Данскога банка. У лістападзе 1918 г. - палкавая школа і цэйхгауз 27-га стр.палка. У 1924 г. тут знаходзіўся дом работнікаў адукацыі. У 1926 г. адбылася перадача будынка Магілёўскаму аддзяленню Белсельгасбанка. У савецкія часы 5 пакояў першага паверха і другі паверх будынка займала школа № 10. Да 1941 г. у будынку размяшчаўся адзін з аддзелаў Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея. Пасля ВАВ адбудаваны, выкарыстоўваўся як жылы. Цяпер на другім паверсе жылыя кватэры, на першым - гандлёвыя ўстановы.

 
Вул.Ленінская, 46
Будынак пабудаваны ў пач.20 ст. з цэглы чырвонага колеру, неатынкаваны, трохпавярховы. Галоўны падоўжаны фасад выходзіць на чырвоную лінію забудовы вул.Ленінскай, кароткі - на вул.Будзённага. Належыў Казлоўскаму. У 1919-24 гг. тут была кандытарская, крама газірованай вады і арцель “Чырвоная швяя”. У пасляваенныя часы выкарыстоўваўся як жылы, на першым паверсе размяшчалася крама сельскагаспадарчых тавараў. Сучаснае выкарыстанне - жылы, з гандлёвамі кропкамі, прыватнай цырульняй “Венера”, крамай сувеніраў “Аркада”.

 
Вул.Першамайская, 15
Дом пабудаваны ў кан. 18 ст. з цэглы як жылы, двухпавярховы. Належыў Лур’е. Меў два цагляных двухпавярховых флігеля на 9 і 6 пакояў. На першым паверсе (8 пакояў) займала загатоўчая майстэрня і дзве крамы: тытунёвая Р.Ліўшыца і бакалейная Л.Х.Перальмана, акрамя таго тут размяшчалася ссудная каса, адна жылая кватэра. На другім паверсе 12 пакояў займалі жылыя кватэры. У мезаніне мелася яшчэ 4 пакоі. У 1912 г. у будынку працаваў мужчынскі шавец
С.Корын, мелася абутковая майстэрня Дусавіцкага. У 1927 г. будынак знаходзіўся ў паўразбураным стане. 28.02.1928г. пераданы ў карыстанне гаркамгасу для ўпраўлення будаўніцтва дарогі Магілёў - Мінск срокам на 12 гадоў. Пазней верхні паверх быў жылым, на ніжнім - кафэ “Смажанка”. Цяпер размясцілася і ювелірная крама “Зіко”.

 
Вул.Першамайская, 17
Дом пабудаваны ў пач. 19 ст. з цэглы як жылы, трохпавярховы. Належыў Ідэльсону. Меў падвал, мезанін і двухпавярховы флігель на два пакоі. На першым паверсе размяшчаліся гандлёвыя крамы, у тым ліку суконная крама Марголіна, кніжная і пісчапапяровая крамы Арона Ліўшыца, мануфактуры І.Э.Маргоніна; другі паверх выкарыстоўваўся як жылы, з гандлёвымі крамамі на першым паверсе, трэці паверх займалі жылыя кватэры. У 1924 г. дом нацыяналізаваны. Доўгі час выкарыстоўваўся як жылы. Цяпер адміністрацыйны- жылы будынак.

 
Вул.Першамайская. 19
Дом пабудаваны ў кан. 19 ст. з цэглы як жылы, двухпавярховы. Належыў Ханіну. Ніжнія паверхі займалі гандлёвыя крамы. У двары размяшчаўся дом Сабалеўскага, дзе мелася друкарня Якава Натанавіча Падземскага, арандатарамі якога былі Шыфрын, Каган, Ліберман. Тут друкаваліся кнігі на рускай, польскай, беларускай мовах. У 1924 г.будынак нацыяналізаваны. Верхні паверх выкарыстоўваўся як жылы, на ніжнім з савецкіх часоў размясцілася цырульня “Юнацтва” і гандлёвыя ўстановы.

 
Вул.Першамайская, 23
Дом пабудаваны ў пач. 19 ст. з цэглы як жылы, двухпавярховы будынак на высокім цокалі. Належыў Гранату. Вядома, што ў 1845 г. тут пражываў медык Клейнінберг. У 1920 г. размяшчалася габрэйская бібліятэка імя Перэца. У 1924 г. будынак нацыяналізаваны. З 1932 г. тут размяшчаецца сталовая, бюро па працаўладкаванню. Цяпер - рэстаран “Імперыя”. Верхні паверх - жылы, на ніжнім - гандлёвыя кропкі.

 
Вул.Першамайская, 25
Дом пабудаваны ў пач.19 ст. як жылы. Чатырохпавярховы будынак на высокім цокалі з паўпадвальным паверхам належыў Лейбе Шыку. На першым паверсе тры пакоі займала крама афіцэрскага спажывецкага таварыства, адзін пакой - кіёск Дэ-Ноткіна, два пакоі - абутковая майстэрня. На другім паверсе 10 пакояў былі жылымі пакоямі гаспадара, у 1919 г. 6 з іх былі аддадзены пад аптэкарскія склады губздрава, 4 пакоі - пад кватэры, 6 пакояў трэцяга праверха былі жылымі, мезанін і падвал аддадзены нарадукгасу. У цагляным трохпавярховым флігелі 6 пакояў першага паверха, 12 пакояў другога паверха і 12 пакояў трэцяга паверха займалі жылыя кватэры. У 1924 г. будынак нацыяналізаваны. У 1932 г. на першым паверсе размяшчалася сталовая, на другім - праўленне ЦРК. Да 1941 г. быў надбудаваны чацьвёрты паверх. У пасляваенны час быў жылым. Цяпер верхнія паверхі жылыя, на ніжнім - установы гандлю.
Вул.Прешамайская, 27
Дом пабудаваны ў пач. 20 ст. з цэглы як жылы. Чатырохпавярховы будынак на невысокім цокалі. Належыў Гіршы Самуілавічу Ландау, ганароваму грамадзяніну Магілёва. Першапачаткова быў двухпавярховым, пазней надбудаваны яшчэ два паверхі. Меў падвал, дзе размяшчалася дзве кватэры на 8 пакояў, і трохпавярховы флігель з кватэрамі на 10 пакояў. На трэцім паверсе флігеля да 1919 г. была малітоўная школа Ландау, на першым паверсе - крама і кватэры на 9 пакояў, тры з якіх заняты савецкай дзяржаўнай установай. На другім паверсе размяшчаліся кватэры на 13 пакояў. У 1921 г. 12 пакояў першага і другога паверха будынка займаў камсамольскі клуб. У 1924 г. будынак нацыяналізаваны. Тут у былой краме размясцілася шавецкая майстэрня. Пасля яе ліквідацыі 25.10.1924г. рабочымі майстэрні арганізаваны працоўны калектыў пры біржы працы. У 1926 г. у будынку размяшчаецца польскі клуб.У пасляваенны час выкарыстоўваўся як жылы з рознымі установамі. Цяпер верхнія паверхі жылыя, на ніжнім - гандлёвыя крамы.
Мінулае нашага горада, у тым ліку і гісторыя ацалелых у вірунку гістарычных падзей будынкаў, яшчэ захоўвае шмат “белых плям” а, магчыма, і таямніц. Яе даследванне ўскладняецца многімі фактарамі, у тым ліку і неаднаразовай зменай нумерацыі, разбурэннямі падчас вайны і дальнейшай адбудовой горада. Менавіта таму старая забудова горада чакае новых даследчыкаў і даследванняў.
Літаратура:
1.Фонды МАКМ імя Е.Р.Раманава, НВ 10814
2.Адрес-календарь «Весь Могилёв-на-Днепре». 1912. Могилев Губернский
3.Архіў РУП “Магілёўскае агенства па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру”


В.А.Чарняўская, г.Магілёў, УК “Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е.Р.Раманава”

рейтинг: 
  • Не нравится
  • 0
  • Нравится
ОСТАВИТЬ КОММЕНТАРИЙ
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Новости