З мінулага двух каталіцкіх касцёлаў у вёсцы Княжыцы » mogilew.by
 

З мінулага двух каталіцкіх касцёлаў у вёсцы Княжыцы

 

Па дарозе з Магілёва на Мінск каля вёсцы Княжыцы ўзвышаецца вялікі касцёл. Стаіць ён быццам прывід уздоўж шашы, раніцай выглядае таямніча і загадкава ледзь бачны праз сівыя аблокі. Пабудаваныя калісьці будаўнічыя лясы амаль што разбурыліся. Гісторыя гэтага касцёла цікавіць гараджан і жыхароў магілёўскага наваколля. У літаратуры і ў інтэрнэт прасторы шмат розных артыкулаў па гэтай тэме, але ўсе яны адрозніваюцца па сутнасці. Выдзяляецца некалькі супрацьлеглых думак:

  1. Частка даследчыкаў лічыць, што гэта касцёл дамініканцаў, але яны не згадваюць у гонар каго ён пабудаваны.
  2. Іншыя выказваюць меркаванне аб існаванні тут кармеліцкага касцёла Святога Мікалая.
  3. Магчыма гэты касцёл кармеліцкі, але ў гонар Святога Антонія.
  4. Уздоўж мінскай шашы знаходзіцца дамініканскі касцёл Святога Мікалая.

У 1990-х гадах мне давялося напісаць і надрукаваць у мясцовым друку два невялікіх артыкула пра Княжыцы. У той час я ставіў мэту апісаць мінулае населенага пункта і ў гісторыі касцёла не змог разабрацца, да і асабліва не імкнуўся гэта зрабіць. З цягам часу сабраў значную колькасць звестак па гісторыі каталіцтва ў тым ліку і па Княжыцам. Таму невыпадкова, што ўзнікла жаданне напісаць змястоўны артыкул і выдаць яго ў дадзеным зборніку.

Дакладна невядома, недзе ў другой палове ХУ стагоддзя Княжыцы належалі князю Івану Юр’евічу. Адсюль і назва гэтага сяла - Княжычы (пазней Княжыцы). Пасля смерці князя Івана Княжыцамі валодала яго жонка, удава. У іх не было нашчадкаў і княжацкі маёнтак застаўся без гаспадара, але не доўгі час. У 1501 годзе польскі кароль і вялікі князь літоўскі Аляксандр аддаў Княжыцы разам з іншымі землямі ў пажыццёвае ўладанне сваёй жонцы Алене - дачцэ рускага цара Івана ІІІ. Разам з князёўнай Аленай у ВКЛ прыехаў князь Мацвей Мікіцініч, магчыма з роду князёў Рапалоўскіх. Алена падаравала яму за верную службу маёнтак, цэнтральная сядзіба якога знаходзілася ў Галоўчыне, таму род князя Мацвея атрымаў назву Галоўчынскія. У склад Галоўчынскага маёнтка ўваходзілі і Княжыцы. Уладальнікамі Княжыц, з 1509 па сярэдзіну ХУІІ стагоддзя, былі наступныя князі з роду Галоўчынскіх: Мацвей, яго сын Яраслаў, потым сыны Яраслава Мікалай, Яраслаў і Ян, сын Яраслава Яраслаў, Аляксандр і Канстанцін Яраслававічы і сын Канстанціна Мікалай. Мікалай быў апошнім князем Галоўчынскім, з - за адсутнасці нашчадкаў род яго перасёкся па мужчынскай лініі ў 1658 годзе. Частку Княжыц (доля Канстанціна) атрымаў сын сястры Мікалая Сафіі Канстанцін Пац. Такім чынам з сярэдзіны ХУІІ стагоддзя часткай Княжыц стаў валодаць род Пацаў. [11, с. 458]

У канцы ХУІІ - ХУІІІ стагоддзях Княжыцы належалі Мікалаю Канстанцінавічу Пацу, потым яго сыну Крыштофу і ўнуку Антонію Міхалу. Апошнім з Пацаў валодаў Княжыцамі Міхал. У 1785 годзе Міхалу Пацу належала ў Княжыцах 43 двары, у якіх пражывала 452 чалавекі. Прыблізна ў той час гэтыя землі набылі памешчыкі Макавецкія. [7, с. 456-457; 12, с. 187-276]

Цікава гісторыя пабудовы дамініканскага касцёла і кляштара ў Княжыцах. Аўтар кніг пра каталіцкія касцёлы і кляштары ксёндз Валыняк лічыў, што Мікалай Галоўчынскі быў апошнім з роду і памёр у 1658 годзе, не пакінуў нашчадкаў і пасля яго маёнтак атрымала сястра Сафія. Сафія выйшла

замуж за ваяводу мінскага Аляксандра Паца і атрымала ў спадчыну частку зямель. Іх сын харунжы Вялікага княства Літоўскага Канстанцін-Уладзіслаў Пац у 1677 годзе запрасіў айцоў дамініканскага ордзена пасяліцца ў маёнтку. У 1681 годзе за свае грошы Канстанцін- Уладзіслаў Пац пабудаваў касцёл у гонар Святога Мікалая. Таксама ён выдзеліў на патрэбы кляштара 18 тысяч польскіх злотых і фальварак Булыжыцы (81 валока). Крыштоф Пац запісаў кляштару 15 тысяч злотых (1724 год), Антоній Міхал Пац дараваў 2 тысячы злотых (1750), Андрэй і Соф’я Крукоўскія - 2 тысячы злотых

(1739). Першыя будынкі касцёла былі драўляныя. Пабудавалі касцёл дамініканцаў прыблізна ў 1770-х гадах, дакладная дата невядома. Асвячоны касцёл у 1780 годзе біскупам С.І. Богуш-Сестранцэвічам. Хутчэй за ўсё гэту дату можна лічыць датай заснавання мураванага касцёла Святога Мікалая. Выбар Святога ў гонар якога назвалі касцёл быў невыпадковы, прасочваецца аналогія з Мікалаям Галоўчынскім, яго імя пастаянна згадваецца. [9, с. 114 -117]

Айцы дамініканцы былі вельмі задаволены касцёлам і кляштарам, асабліва ахвярамі на іх патрэбы. Многія з католікаў яшчэ пры жыцці завяшчалі грошы і зямельныя ўладанні дамініканцам, якія абяцалі маліцца за нябожчыкаў. У пачатку ХІХ стагоддзя пры касцёле пражывала 3-4 манахі. Пра знаходжанне значнага будынка кляштара звестак няма. У 1801 годзе пабудаваны апошні невялікі драўляны кляштарны корпус з мураваным флігелем. Хутчэй за ўсё тут і жылі дамініканцы, безумоўна існавалі і гаспадарчыя будынкі. Каля 1807 года кіраваў дамініканскай сядзібай айцец Карней Войцэвіч. У 1817 годзе ўзначальваў дамініканцаў айцец Піўс Адамовіч 1777 года нараджэння (прафесар з 1797 года), акрамя яго было яшчэ два манахі. Пасля Адамовіча з 1827 года быў айцец Тамаш Мацкевіч таксама 1777 года нараджэння (прафесар з 1799 года), на гэтай пасадзе ён заставаўся яшчэ ў 1830 годзе. Хутчэй за ўсё ён быў апошнім тут святаром, бо кляштар зачынілі ў 1832 годзе. Касцёл як парафіяльны яшчэ заставаўся пэўны час. [1, с. 126-209; 9, с. 114-117]

Пасля смерці Аляксандра Г алоўчынскага яго частка маёнтка перайшла да адзінай дачкі Ганны, якая ў 1619 годзе выйшла замуж за старосту Лідскага і дзяржаўцу вілкаўскага і мсціслаўскага Крыштофа Стэфана Сапегу з лініі чырэйскай сына Рыгора і Сафіі Стравінскай. Памёр ён у маладым узросце, пасля сябе пакінуў жонку і адзінага сына Мікалая ў будучым пісара польнога літоўскага, які ажаніўся з Сюзанай Гасеўскай і памёр у 1639 годзе. З таго шлюбу быў сын Ежы (Юры)-палкоўнік і пасол Рэчы Паспалітай у Іспаніі, дзе і памёр у 1652 годзе. Пасля яго смерці знікла старэйшая лінія Сапегаў Чырэйскіх. Да гэтай лініі адносіўся знакаміты канцлер Леў Сапега. [8, с. 223 - 228; 12, с. 187-276; 14, с. 181-187]

Ганна Сапега з роду Галоўчынскіх застаўшыся ўдавой валодала часткай Княжацкага маёнтка і ў 1632 годзе фундавала кармелітам вуліцу пад назвай Горная ў мястэчку Княжыцы. Пра гэту вуліцу казалі, што яна знаходзілася за невялікім драўляным кармеліцкім касцёлам. Таксама Ганна ахвяравала кармелітам грунты зямлі ў Забалоцці і ардынарыю з фальваракам Лотвіцкім ( Вялікая Лотва). Памерла Ганна Сапега ў 1643 годзе. Айцы кармеліты вельмі шанавалі памяць аб ёй, яшчэ ў ХІХ стагоддзі называлі свае землі “мамы”. Саму Ганну яны называлі сваёй маці і ў кляштары і касцёле кармелітаў склаўся пэўны яе культ. Няма дакладных звестак, але магчыма і пахаваная яна была таксама пры касцёле і кляштары. Вядома, што касцёл кармеліты мелі невялікі драўляны с мураваным фундаментам. З цягам часу яго рамантавалі і аздаблялі. [14, с. 181-187]

У кармеліцкім касцёле з 1748 года знаходзілася рэзідэнцыя кармелітаў, праўда не ўвесь час, пэўны перыяд размяшчалася і ў Магілёве. Першым яе кіраўніком быў Францішка Сіхэн. На каталіцкай кангрэгацыі ў 1757 годзе, у
правінцыі Святога Антонія, да якой адносіўся і княжацкі кляштар вікарыем быў прызначаны айцец Эліаш Курмін. Згадваўся на гэтай пасадзе ў 1763 і ў 1776 гадах айцец Аляксей Буйніцкі, а ў 1768 годзе айцец Станіслаў Кузевіч. У 1781 годзе рэзідэнцыю кармелітаў у Княжыцах узначальваў айцец Базыль Ардынец. На пачатку ХІХ стагоддзя ў 1801 годзе прыёрам быў айцец Станіслаў Дзешчынскі, ён узначальваў канвент кармеліцкі два гады. Пасля яго прыёрам стаў айцец Тадэуш Вайневіч, яго памочнікам служыў айцец Урбан Рогальскі, пасаду казначэя займаў айцец Габрыэль Гарбачэўскі. У 1804 годзе прыёрам быў айцец Вінсент Грыгаровіч, а ў 1808 годзе Эліаш Вайцэхоўскі, куратарам у той час служыў айцец Вінцент Чыж. Айцец Эліаш Вайцэхоўскі згадваецца прыёрам у 1811 годзе, а куратарам і казначэям айцец Анёл Батвілоўскі. З правінцыяльных кармеліцкіх рапартаў вядома, што астатнімі прыёрамі былі: Каханоўскі, Батвілоўскі і Лукашэвіч. [14, с. 181-187]

Каля 1817 года рэзідэнцыя кармелітаў зноў пераехала ў Магілёў, а Княжыцы засталіся яе філіялам. [14, с. 181-187]

На капітуле правінцыяльным Святога Антонія ў Вільні ў 1759 годзе запісана на кармеліцкую рэзідэнцыю ў Княжыцах 13 тысяч польскіх злотых ад Антонія Міхала Паца пісара Вялікага княства Літоўскага. Пасля зачынення кляштара гэту суму грошай не адшукалі, як і суму дадзенаю Крыштофам Пацам. [14, с. 181-187]

У 1830 годзе айцец Дудак Навіцкі префект кафедры магілёўскай прызначыў айца Міхала Садоўскага кіраваць кармеліцкім касцёлам і

кляштарам. У гэтым статусе касцёл заставаўся яшчэ ў 1839 і 1841 гадах, а ў 1844 годзе яго ўжо зачынілі. [14, с. 181-187]

Захаваліся цікавыя дакументы аб кармеліцкім касцёле і кляштары ў Княжыцах у 1832-1835 гадах, у момант закрыцця кляштара. З 1830 года настаяцелем кляштара служыў Міхал Садоўскі, ён быў доўгі час кіраўніком кармеліцкага маёнтка. Таксама з гэтага ж часу Садоўскага прызначылі прафесарам пры кармеліцкай кафедры ў Магілёве. Па паходжанню Міхал Садоўскі быў з польскай шляхты, манаскі сан прыняў у 1822 годзе. Пры кляштары таксама служыў айцец Міхал Раймонт Катоўскі, у 1825 годзе ён быў выбраны капітулам прапаведнікам на магілёўскай кармеліцкай кафедры. [2, с. 1-38]

Захавалася апісанне дакументаў з архіва княжацкага кармеліцкага кляштара, найбольш цікавыя з іх :

  1. Фінансавы дакумент ад 20 красавіка 1753 года, у якім згадваецца, што Антон Міхал Пац прадаў за тысячу талераў шляхціцу Гордзялкоўскаму маёнтак у сяле Гораны Магілёўскага павета.
  2. Дакумент ад 20 красавіка 1753 года аб выплаце 13 тысяч польскіх злотых Антоніям Макавецкім за маёнтак Лахвіцы Пацам..
  3. Бланкет падпісаны Пацам і сведкамі.
  4. Выпіс копіі духоўнага загада 1698 года.
  5. Працэс ксяндзоў кармелітаў з Міхалам і Мікалаем Пацамі ў 1696 годзе.
  6. Працэс ксяндзоў кармелітаў з Пацамі ў 1699 годзе.
  7. Копія духоўная памешчыка Волчаноўскага, які заплаціў ксяндзам кармелітам суму 500 рублёў за сяло Забалоцце Магілёўскага павета.
  8. Кантракт з памешчыкам Дзічканцом на млын на рацэ Лахве ў 1803 годзе. [2, с. 1-38]

Кармеліцкі касцёл быў зачынены ў 1832 годзе. Для ажыццяўлення гэтай справы ўлады накіравалі чыноўніка-падпалкоўніка і кавалера Качанава і члена магілёўскай казённай палаты старэйшага ляснічага Шульца. Міхал Садоўскі кіраўнік кляштара адказаўся прыняць прадстаўнікоў улады і праводзіць інвентарызацыю маёнтка. Кляштар кармелітаў зачынілі, а Садоўскага прызначылі ў кармеліцкі кляштар у Вільні. [2, с. 1 -38]

Цікавым з’яўляецца дакумент магілёўскай казённай палаты аб перадачы ў 12-гадовае арэнднае ўтрыманне паманастырскага маёнтка Горная вуліца Магілёўскага павета памешчыку Макавецкаму ў 1839 годзе з 23 красавіка, з платай 1 тысяча 25 рублёў штогод. Дагэтуль памешчык паручнік Антон Іванавіч Макавецкі арандаваў гэты маёнтак 6 гадоў і жадаў працягнуць арэнду далей. 8 студзеня 1840 года ў Княжыцы ў маёнтак Горная вуліца прыехала камісія для рэвізіі маёнтка. У складзе камісіі былі чыноўнік асабістых даручэнняў пры магілёўскай казённай палаце Андрушэвіч, які прыехаў па запрашэнню прыстава Магілёўскага павета 2 стана Булавецкага і павятовага страпчага Окаловіча. Пабудовы маёнтка прызналі ў дрэнным стане, было заўважана, што арандатар нарыхтаваў шмат лесу, магчыма з мэтай рамонту. Сельская гаспадарка фальварка была ў добрым стане, за выключэннем зямель далёкіх ад цэнтра. Дамы сялян былі як добрыя, так і дрэнныя, іх становішча прызнанае станоўчым. Па інвентару 1833 года ў маёнтку пражывала 43 мужчыны і 33 жанчыны. Налічвалася 34 працоўных каня і 12 непрацоўных, 26 кароў, 11 авечак, 67 свіней і іншых. Па інвентару 1840 года налічвалася 60 мужчын і 63 жанчыны і таксама павялічвалася колькасць хатняй жывёлы. Уражвае колькасць сена ў маёнтку-265 вазоў. [6, с. 3-34]

Цікавасць выклікае апісанне фальварковых і гаспадарчых будынкаў маёнтка Горная вуліца, складзенае ў 1839 годзе. Сядзібны дом быў не вельмі вялікі, 13, 5 метраў у даўжыню і 6, 5 метраў у шырыню. У доме было 4 пакоі, кожны з іх з дзверцамі і замкамі, мелася 2 печы. За арэнду дома Макавецкі плаціў 100 рублёў. Насупраць дома стаяла кухня з бруса, без пола, 2 пакоі, 1 печ, вокны пабіты. За кухню атрымлівалі 30 рублёў. Таксама былі будынкі: двухпавярховы хлеў (40 рублёў), крама (15 рублёў), свіран у вельмі дрэнным стане (25 рублёў), хлеў дзеля конскіх экіпажаў (15 рублёў), стайня (15 рублёў), лядоўня (5 рублёў), восець (50 рублёў), адрына для захоўвання снапоў (30 рублёў), хата для прыслугі (40 рублёў), зруб новы (10 рублёў), лазня (10 рублёў), абара ці скотны двор (50 рублёў), пуня для сена (25 рублёў), карчма (7 рублёў). За касцёлам знаходзіўся сад, у якім было 20 яблынь, 20 сліў, 150 вішань і 30 кустоў агрэсту. Фальварку належала 30 дзесяцін добрай зямлі, горшай па якасці пад Якубаўкай 17 дзесяцін, пад сенакосам 30 дзесяцін. Сеялі на палях азімае жыта, яравую пшаніцу, ячмень, авёс, грэчку, гарох, бабы, бульбу, капусту і іншую гародніну. [6, с. 3-34]

У Княжыцах у 1853 годзе пачалі будаваць Петрапаўлаўскую царкву. Часцей у літаратуры згадваецца, што гэта новая царква. На самой справе ў гэтую царкву перарабілі кармеліцкі касцёл Святога Антонія. У дакуменце аб пабудове новых праваслаўных цэрквах запісана, што царкву у Княжыцах пабудавалі на старым мураваным фундаменце і адрамантавалі сцены. Таксама аднавілі масніцы на падлогу і ўзвялі купал. У дакументах аб будаўніцтве царквы недзе не згадваецца касцёл. Раней у Княжыцах царквы не было і выкарыстаць старыя сцены і фундамент можна было толькі касцёла кармелітаў. Тым больш супадае час. Такім чынам, пад Петрапаўлаўскую царкву перабудавалі кармеліцкі касцёл. Увогуле да 1853 года ў Княжыцах не было праваслаўнай царквы і насельніцтва спавядала каталіцкую веру. [3, с. 3-12]

Захаваўся яшчэ адзін цікавы дакумент аб утрыманні грошаў на будаўніцтва княжацкай Петрапаўлаўскай царквы з суседніх маёнткаў, уладальнікі якіх былі ў асноўным католікамі. Сума вызначалася ад колькасці сялянскіх душ мужчынскага полу, с кожнай душы па 19 капеек срэбрам. З маёнтка Макавецкіх 70 рублёў 40 капеек, з маёнтка Станіслава Дамброўскага 15 рублёў 94 капейкі, ад памешчыка Ракусы 31 рубель 30 капеек, ад памешчыка Ярашэўскага 25 рублёў 8 капеек, ад Ганіпроўскага 1 рубель 90 капеек, ад Гордзялкоўскага 43 рублі 47 капеек, ад Сцяпанава 5 рублёў 89 капеек, ад Саламона Дамброўскага 13 рублёў 47 капеек. [4, с. 1-30]

Царква выглядала бедна і ўлады прынялі рашэнне аб пабудове алтарнай часткі і рамонце, а таксама вырашылі набыць царкоўны посуд, падсвечнікі, лампады і адзенне для святароў, розныя царкоўныя рэчы. Да царквы ў той час адносіліся прыхаджане з населеных пунктаў:     мястэчка Княжыцы, вёсак

Севасцянавічы, Сенькава, Ільінка, Бабровічы, Праксенічы, Забор’е, Сумарокава, Горная вуліца, Забалоцце, Лубнішча, Мікіцінічы, Нізкая вуліца, Казіміраўка і Прысна. Усяго вернікаў налічвалася 2559 чалавек. Улады патрабавалі на патрэбы царквы знайсці 3 тысячы рублёў срэбрам. Гэта пытанне абмяркоўвалася і знайсці грошы не атрымалася. Петрапаўлаўская царква не магла абслугоўваць вялікую колькасць вернікаў і аднаўляць яе не было сэнсу. Таму губернскія ўлады прынялі рашэнне ператварыць дамініканскі касцёл у царкву. Касцёл Святога Мікалая ў 1863 годзе быў зачынены, а ў 1865-1872 гадах перароблены ў праваслаўную Свята-Аляксандра-Неўскую царкву. [5, с. 3-12]

Такім чынам, у Княжыцах існавалі два касцёла, адзін з іх дамініканскі Святога Мікалая захаваўся і яго мы бачым каля мінскай шашы ў значным заняпадзе. Драўляны кармеліцкі касцёл Святога Антонія быў разбураны ў мінулыя часы.


Шымукенус М.У.

Установа адукацыі “НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа № 42 г. Магілёва”

(г. Магілёў, Беларусь)


Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Дневник визитатора Доминиканских монастырей Сев.-Зап. Края за 1821-1832 г. // Археографический сборник документов... - Т. 14. - Вильна, 1904. - С. 126-209/
  2. НИАБ. - Ф.2001. - Док. 134. - С. 1-38.
  3. НИАБ. - Ф. 2001. - Док. 658. - С. 3-12.
  4. НИАБ. - Ф. 2072. - Док. 72. - С. 1-30.
  5. НИАБ. - Ф. 2072. - Док. 105. - С. 3-12.
  6. НИАБ. - Ф. 2151. - Док. 219. - С. 1-34.
  7. Грыцкевіч, А. Пацы /А. Грыцкевіч // Энцыклапедыя гісторыя Беларусі. Т. 5 - Мн. “Бел. Энц.”, 1999. - С. 456-457.
  8. Грыцкевіч, А. Сапегі /А. Грыцкевіч // Энцыклапедыя гісторыя Беларусі. Т. 6, кн.1 - Мн. “Бел. Энц.”, 2001. - С. 223-228.
  9. Gizycki J. M. Wiadomosci o dominikanach prowincyi Litewskiej. Zebral Wolyniak. / M. Gizycki. - Cz^sc I. — Krakow, 1917. - S. 114-117.
  10. Кулагін, А.М. Касцёл Святога Мікалая. / А.М. Кулагін // Каталіцкія храмы на Беларусі. - Мн. “Бел.Энц.”, 2001. - С. 80.
  11. Нарбут, А.М. Галоўчынскія. / А.М. Нарбут //Энцыклапедыя гісторыя Беларусі. Т. 2 - Мн. “Бел. Энц.”, - С. 458.
  12. Boniecki, Adam. Poczet rodow w Wielkiem Ksi<?stwie Litewskiem w XV i XVI wieku. / Adam Boniecki. — Warszawa, 1887. - S. 187-276.
  13. Пятровіч, Н., Ярашэвіч А. Княжацкі кляштар дамініканцаў. / Н. Пятровіч, А. Ярашэвіч. // Энцыклапедыя гісторыя Беларусі. Т. 4 - Мн. “Бел. Энц.”, - С. 216.
  14. Z przeszlosci karmelitow na Litwie i Rusi. / Wolyniak. - Cz. 1. - Krakow, 1918. - S. 181-187.
рейтинг: 
  • Не нравится
  • 0
  • Нравится
ПОДЕЛИТЬСЯ:

ОСТАВИТЬ КОММЕНТАРИЙ
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Новости