Штодзённае жыццё навучэнцаў Магілёўскай рымска-каталіцкай духоўнай семінарыі (1788-1843 ГГ.) » mogilew.by
 

Штодзённае жыццё навучэнцаў Магілёўскай рымска-каталіцкай духоўнай семінарыі (1788-1843 ГГ.)

 

Рымска-каталіцкае духавенства на беларускіх землях з’яўлялася актыўным удзельнікам не толькі рэлігійнага, але і культурнага, навуковага, эканамічнага і палітычнага жыцця грамадства. Таму важным прадстаўляецца вывучэнне штодзённага побыту навучэнцаў духоўных семінарый. Менавіта ў іх атрымлівалі падрыхтоўку будучыя святары, і менавіта ў гэтых навучальных установах у значнай ступені фарміраваліся іх погляды і перакананні. Гісторыя Магілёўскай семінарыі ўжо цікавіла даследчыкаў [3], [8], [17]. Разам з гэтым, штодзённае жыццё навучэнцаў семінарыі яшчэ не станавілася асобным прадметам даследавання.
Для таго, каббыць залічаным у семінарыю, неабходна было прайсці працэдуру паступлення. У духоўныя семінарыі прымалі маладых людзей каталіцкага веравызнання, якія дасягнулі вызначанага ўзросту. Біскупы- ардынарыі ў сваіх дыяцэзіях маглі рэгуляваць узрост паступаючых, як гэта зрабіў, напрыклад, С. Богуш-Сестранцэвіч. У адпаведнасці са статутам Магілёўскай семінарыі паступаць туды маглі маладыя людзі, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту [6, s. 5]. Паступаючы павінен быў мець неабходны мінімум ведаў: “той не можа быць прыняты ў семінарыю, хто б не ўмеў добра чытаць, не ведаў лацінскай мовы, і, як мінімум, рыторыкі (перакл. з польск. - аўт.)” [6, s. 5]. Акрамя гэтага, паступаючы прадстаўляў дакументы аб навучанні ў школе, характарыстыку ад настаяцеля, выпіску з метрычнай кнігі аб хросце, а таксама (пры неабходнасці) дымісарыяльны ліст.
Да 1831 г. рашэнне аб залічэнні ў семінарыю належала біскупу. Паўстанні 1830-1831 і 1863-1864 гг. вызначылі ўмовы прыёму ў семінарыі з боку дзяржаўных улад. Аб кожным, хто падаваў прашэнне аб паступленні ў семінарыю, іх кіраўніцтва павінна было паведамляць дзяржаўным уладам, якія вызначалі ступень палітычнай добранадзейнасці патэнцыяльнага святара і давалі дазвол альбо адмову на яго прыняцце ў навучальную установу [7, с. 164]. Дакументы можна было падаць на працягу года. Аднак навучэнцы стараліся прывезці іх напрыканцы лета альбо на пачатку восені.
Кожная семінарыя мела вызначаную колькасць фундушавых (бяплатных) месцаў. Плата за навучанне для паступаючых, якія не маглі быць прыняты на фундуш, у Магілёўскай семінарыі складала 120 руб.асс. ў год [6, s. 20]. У выпадку пазітыўнага рашэння, паступаючаму паведамлялі, клаі ён можа прыступіць да заняткаў. Навучэнцаў семінарыі традыцыйна называлі клерыкамі або алюмнамі. С. Богуш-Сестранцэвіч у статуце называе іх семінарыстамі [6, s. 5].
Пачынаючы ад моманту паступлення, малады чалавек на некалькі год трапляў ў строга рэгламентаваную арганізацыю быту і вучобы ў значнай ступені ізаляваную ад знешніх уплываў. Працягласць навучання ў семінарыі не была пастаяннай.Статут вызначаў яе ў 4 гады, з якіх тры прызначліся непрасрэдна на навучанне, а год - на практыку пры кафедральным касцёле [5]. Аднак, на справе працягласць навучання вагалася ад 1 да 5 год, і залежала ад паспяховасці клерыка, патрэбаў дыяцэзіі і рашэння біскупа.
Навучальны год не меў дакладнай даты пачатку і заканчэння. Нягледзячы на тое, што ў місіянерскіх семінарыях існавала традыцыя распачынаць навучанне ў першы аўторак кастрычніка а заканчываць ў першы панядзелак пасля святаў св. апосталаў Пятра і Паўла[29 чэрвеня] [ Серада, з якой пачынаецца Вялікі Пост.], у Магілёўскай семінарыі гэтае правіла не заўсёды выконвалася. На працягу года для семінарыстаў прадугледжваліся канікулы. Самыя працяглыя прыпадалі на летнія месяцы - ліпень і жнівень. Вольнымі ад заняткаў, акрамя святочных (Божае нараджэнне, Вялікдзень), былі дні ад вігіліі Божага нараджэння (24 снежня) да 2 студзеня і два дні перад Папяльцовай серадой . У пасхальны перыяд заняткі заканчываліся ў вялікую сераду і працягваліся да чацвярга пасхальнай актавы[ Пасхальная актава - 8 дзён пасля Пасхі, якія лічацца святочнымі]. Вольнымі ад заняткаў былі дні ад суботы да аўторка у час свята Спаслання Святога Духа [3, s. 73].
Духоўныя семінарыі і сёння з’яўляюцца дастаткова закрытымі навучальнымі ўстановамі. У канцы XVIII-XIX ст. правілы былі ятттчэ больш строгімі. Пасля паступлення семінарыст павінен быў здаць кіраўніку семінарыі на захаванне сваю свецкую вопратку, і атрымліваў (альбо апранаў ўласны) духоўны строй. Рэгенс павінен быў у спецыяльным памяшканні захоўваць вопратку клерыкаў, з тым, каб у выпадку спынення навучання па ўласным жаданні альбо адлічэнні малады чалавек адразу ж змяняў духоўны строй на свецкі [14, арк. 6 адв.].
Ад моманту залічэння ў семінарыю семінарыст не мог пакінуць яе без дазволу, незалежна ад мэты: выезд дадому, выхад у горад і г.д. Той, каму ў вучэбны час дазвалялася на некаторы час выйсці з семінарыі, павінен быў вярнуцца ў дакладна вызначаны час. Спазненне магло стаць повадам да адлічэння [6]. У адпаведнасці са статутам кантакты са свецкімі людзьмі таксама былі забаронены, а перапіска павінна была кантралявацца кіраўніцтвам семінарыі.
Месцам жыхарства семінарыстаў быў сам будынак семінарыі. У ХІХ ст. частай з’явай было размяшчэнне новаствораных семінарый ў пакляштарных будынках. Магілёўская семінарыя размяшчалася ў пакармелітанскім манастыры ла кафедральнага (пакармеліцкага) касцёла [!5]-
Распарадак дня ў семінарыі быў строга рэгламентаваны. У буднія дні пад’ём а 5 раніцы, з 5.30 да 6.00 - медытацыя ў капліцы семінарыі. Медытацыя завяршалася прачытаннем раздзела з Новага Запавету. Пасля, а 7 раніцы, адпраўлялі імшу. Пасля набажэнства клерыкі разам ішлі на сняданне, затым - паўтараць лекцыі. Лекцыі і практычныя заняткі адбываліся да і пасля абеда. Абед падавалі а 11.30 - 12.00, пасля чаго ўсе навучэнцы ішлі на рэкрэацыю (супольны адпачынак), якая працягвалася каля гадзіны. Абедзенны перапынак завяршаўся чытаннем урыўка з Новага Запавету. Пасляабедзенныя лекцыі працягваліся з 15.00 да 17.45. Пасля заняткаў яшчэ некаторы час адводзіўся для чытання духоўнай літаратуры. У 18.00 - 19.00 статутам прадугледжвалася вячэра. Пасля вячэры клерыкі мелі час на адпачынак, які доўжыўся да 20.30. Пасля вячэры ўсе скіроўваліся на поўгадзінныя малітвы, пасля якіх клаліся спаць [6, s. 7], [15, арк. 45-46]. У святочныя дні заняткаў не было.
Важнай складаючай жыцця ў семінарыі з’яўляліся рэлігійныя практыкі. Перад пачаткам навучальнага года клерыкі ўдзельнічалі ў 3-5 дзённых рэкалекцыях. На працягу навучальнага года семінарыст штодня ўдзельнічаў у імшы, ранішніх і вячэрніх малітвах. Раз на тыдзень неабходна было паспавядацца, штодзённа - правесці ўласны рахунак сумлення [15, арк. 45-46]. У нядзельныя і святочныя дні клерыкі ў залежнасці ад ступені пасвячэнняў дапамагалі падчас набажэнстваў Магілёўскім кафедральным касцёле, які знаходзіўся ля семінарыі.
У семінарыі абавязвала строгая дысцыпліна. Аднак здараліся парушэнні. Можна выдзеліць два віды парушэнняў статуту: дысцыплінарныя і непаспяховасць. Да дысцыплінаных парушэнняў адносіліся: невыкананне ўнутранага распарадку, самастойны (без дазволу або без суправаджэння) выхад у горад, размовы за сталом, грубасць, насмешкі, пляткарства, дрэнныя паводзіны па-за семінарыяй (на канікулах або на прагулках). Большасць парушэнняў каралася заўвагамі. У выпадку, калі парушэнні неаднаразова паўтараліся ставілася пытанне аб выключэнні з семінарыі. Аднак яно прымянялася як апошні сродак. Тэарэтычна, выключэнню падлягалі “не здольныя атрымаць неабходныя тэалагічныя веды, лянівыя, тыя, што цікавяцца нетэалагічнымі прадметамі (матэматыкай, гісторыяй, свецкай літаратурай), а таксама недалёкія, летуценнікі, замкнутыя ў сабе, нерашучыя, няздольныя да публічных выступленняў, меланхолікі (пераклад з польск. - аўт[6, s. 49] і г.д. На практыцы гэта прымянялася ў нязначнай ступені.
У семінарыі клерыкі забяспечваліся жыллём, ежай, дровамі, свечкамі, пры неабходнасці - медыцынскай дапамогай. Для навучэнцаў наймаліся цырульнік і прачка. У суме, на ўтрыманне аднаго клерыка ў месяц прыходзілася 17 руб.20 кап у месяц (па стане на 1802 г.) [13, арк.
17].
Нягледзячы на запіс у статуце аб тым, што ў семінарыі павінна быць арганізавана трохразовае харчаванне, архіўныя дакументы з 1802 г. адлюстроўваюць прынятую практыку забеспячэння навучэнцаў 2-разовым харчаваннем: абедам і вячэрай. Абедалі ў цішыні. На абед у нядзелю, аўторак і чацвер падаваліся наступныя стравы: салат са свежай капусты, суп, кавалак мяса з гарнірам, печыва. У панядзелак і сераду: салат з буракоў, суп, кавалак мяса, гародніна. У пятніцу і суботу: гарохавы суп, страва са свежай рыбы, сырнікі, гародніна [12, арк. 17]. На дзень для кожнага алюмна выдзяляўся штоф[Штоф (ням. Stof— вялікі бакал, чаша) - адзінка вымярэння аб’ёму вадкасці, звычайна піва і віна- водачных напояў. 1 штоф = 1/10 вядра = 10 чаркам = 1,2299 літры.] піва. У час Вялікага посту значных абмежаванняў у харчаванні не назіралася. Больш таго, у нядзелі на абед падавалася лепшае піва і 4-5 страў. Нязначна абмяжоўваліся вячэры: да 2 страў [12, арк. 17]. Не было заведзена спажыванне надта свежага хлеба [12, арк. 17]. Прымаць запрашэнні на абеды па-за семінарыяй на працягу начальнага года алюмнам забаранялася. У выпадку, калі запрашаючы бок быў важным для семінарыі, алюмн атрымліваў дазвол выйсці з семінарыі аднак толькі ў таварыстве соцыя - таксама семінарыста.
Месцам, дзе спажывалі ежу, быў рэфектарый. Выносіць ежу і посуд з кухні было забаронена. На сняданне навучэнцы атрымлівалі кавалак хлеба зімой і шклянку вады (летам) або шклянку падагрэтага піва (узімку). Мясныя стравы і іншая “цяжкая” ежа раніцай былі забаронены. У статуце адзначалася, што калі б хто хацеў ятттчэ піць, то мог атрымаць не больш за шклянку вады “бо прывучыцца да п’янства можна нават спажываючы ваду, калі піць яе калі толькі гэтага захочацца” (перакл. з польск. - аўт.) [6, s. 10]. Забаранялася спажыванне алкаголю (гарэлкі). Разам з гэтым у медыцынскіх мэтах па прадпісанні лекара дазвалялася.
Хворых семінарыстаў адсялялі ў асобнае памяшканне, дзе ім забяспечвалі дагляд і лячэнне. Калі хвароба перацякала ў хранічную стадыю і з’яўлялася перашкодай для святарскіх пасвячэнняў, клерык павінен быў пакінуць семінарыю. Ад бачных прыкмет дэпрэсіі пазбаўляліся наступнымі спосабамі: “калі б хто з семінарыстаў выглядаў смутным, злым <...> такі павінен быць адселены ад іншых, і даваць яму толькі ваду чыстую крынічную і трохі хлеба (перакл. з польск. - аўт.) [6, s.11].
Падчас навучання семінарысты павінны былі засвоіць філасофска- тэалагічныя прадметы: філасофію, маральную і дагматычную тэалогію, гісторыю касцёла, прадметы літургічнага цыкла: спеў, рубрум,
здзяйсненне сакрамантаў; замежныя мовы (французскую і нямецкую), а таксама мовы мясцовага насельніцтва [6].
Заняткі праводзіліся наступным чынам: пасля тлумачэння тэмы выкладчык надыктоўваў яе семінарыстам [5, s. 51]. У сярэднім лекцыя, якая праводзілася з выкарыстаннем такога метада, працягвалася прыкладна паўтары гадзіны [4, s. 49a]. Калі наяўнай была дастатковая колькасць падручнікаў, выкарыстоўваўся наступны метад: “Кожны прафесар на сваёй лекцыі матэрыял, прадугледжаны ў адпаведнасці з планам тлумачыць зразумела да зразумення яго вучнямі. Тое, што было пачута на лекцыі, вучні самастойна паўтараюць і запамінаюць, а на наступнай лекцыі выкладчык апытвае навучэнцаў па пройдзеным матэрыяле, незразумелыя моманты тлумачыць, і пераходзіць да далейшага ў адпаведнасці з планам матэрыяла (перакл. з польск. - авт.)"" [9, арк. 119]. Пры выкарыстанні такога метаду працягласць лекцыі складала адну гадзіну [4, s. 51]. Дакументы кангрэгацыі місіянераў прадпісвалі ў навучанні карыстацца наступным метадам: першыя 30 хвілін прысвяціць начытцы новай лекцыі, а наступныя поў гадзіны - разбору незразумелых момантаў. У апошняй частцы лекцыі выкладчык павінен коратка пазнаёміць вучняў са зместам наступнай лекцыі і патлумачыць складаныя тэрміны.
Мовай навучання была лацінская. Незразумелыя моманты тлумачыліся па польску. У навучанні канкрэтнаму прадмету прадпісвалася карыстацца канкрэтным падручнікам, зацверджаным біскупам. Лекцыі і падручнікі складаліся ў адпаведнасці з дактрынай тамізма [3, s. 52].
У дапамогу навучэнцам у семінарыі дзейнічала бібліятэка. Пры адкрыцці семінарыі С. Богуш-Сестранцэвіч паклапаціўся аб мінімальным забеспячэнні бібліятэкі, перадаўшы ёй некаторыя кнігі [1]. Частка сродкаў з даходаў семінарыі прызначалася на папаўненне бібліятэкі. У статуце семінарыі, аднак, адзначаў, што пры паступленні клерыкі павінны мець з сабой тыя падручнікі, якімі карысталіся ў школе, каб пры неабходнасці мець магчымасць з іх скарыстацца [6, s. 6]. Акрамя ўласных, семінарысты на час навучання атрымлівалі падручнікі з бібліятэкі, якія пасля навучання павінны былі здаць [14, арк. 37].
Кіраўніцтва семінарыі і біскуп стараліся заахвоціць цікавасць семінарыстаў да навукі. У магілёўскай семінарыі былі прыняты матэрыяльныя ўзнагароджанні за паспяховасць. У 1839 г. кіраўніцтва семінарыі прыняло рашэнне штогод узнагароджваць лепшых семінарыстаў прэміяй у памеры 100 руб. [14]. У 1841 г. пасля парвядзення гадавых экзаменаў узнагароду атрымалі 5 навучэнцаў, з якіх чатыры - Зянон Яткевіч, Даніэль Рымкевіч, Фелікс Лячыцкі і Францыск Вечаркоўскі атрымалі па 100 руб. асігнацыямі, а Ян Раманоўскі - 70 [11].
Засваенне матэрыяла навучэнцамі рэгулярна кантралявалася. Праверка ведаў мела ўрочную, штотыднёвую і экзаменацыйныя формы. Урочная форма праверкі ажыцццяўлялася на кожнай лекцыі па пройдзеным напярэдадні матэрыяле. Гэтая і штотыднёвая (па су ботах) формы кантролю не з’яўляліся абавязковымі. Двойчы ў год семінарысты здавалі экзамены, на якія выносіліся пытанні па пройдзеным матэрыяле [15, арк. 33 - 34]. Сістэма адзнак у семінарыях не прымянялася, у табелях для адзначэння паспяховасці адзначаліся толькі агульныя поспехі ў навуках: вельмі добры, добры, пасрэдны.
Не ўсе семінарысты заканчывалі навучанне. Алюмн мог спыніць навучанне па розным прычынам: пагаршэнне здароўя, сямейныя абставіны, адсутнасць паклікання (“оставить духовный сан по неспособности к этому званию”) [11, арк. 219] альбо быць адлічаным.
Вынікам навучання ў семінарыі былі святарскія пасвячэнні, якім папярэднічалі два этапы пасвячэнняў: вышэйшыя і ніжэйшыя. Да ніжэйшых адносіліся: астарыят, лектарат, экзарцыст, акалітат; да
вышэйшых - субдыяканат, дыяканат і прэзбітэрат. Пры недасягненні выпускніком неабходных для святарскіх пасвячэнняў 25 год яны, часцей за ўсё, высылаліся на парафіі для дапамогі плябанам [10]. Апошнія падчас такой “практыкі” павінны былі займацца далейшым выхаваннем і наглядам наб будучымі святарамі: “наблюдая строго за их поведением и образом мыслей”. Выпускнікі павінны былі аказваць “помощь во всех духовных обрядах, сколько они могут быть полезны и нужны, а преимущественно занимать их ведением приходских метрических книг и прочею перепискою, впредь до дальнейшего о них распоряжения” [12, арк. 2]. Пры дасягненні неабходнага ўзросту, пасля заканчэння курсу навук, станоўчай адзнакі на выніковым экзамене і станоўчым рашэнні царкоўных уладаў выпускнік атрымліваў святарскія пасвячэнні. Іх удзяляў біскуп дыяцэзіі, ён жа накіроўваў на далейшае месца працы або зацвярджаў такое, калі яно ўжо мелася.
Штодзённае жыццё семінарыста ў канцы XVIII - XIX в. было досыць манатонным. Буднія дні прызначаліся для вучобы і малітвы, выходныя і святочныя - для дапамогі ў кафедральным і парафіяльным касцёлах. Строгія правілы і дакладны распарадак дня выхоўвалі ў маладым чалавеку самадысцыпліну і рыхтавалі да далейшага святарскага служэння.
Крыніцы і літаратура
1.Archiwumksi^zymisjonarzywKrakowienaStradomrn. Teczka “Mohylew.
SeminariumDiecezjalneiDomZgromadzeniaKsi^zyMisjonarzy”, bns.
2.Felinski, Z. Pami^tniki. / Z. Felinski. - Warszawa, 2009, - 638 s.
3.Goclowski, T. Organizacja seminariow diecezjalnych prowadzonych przez Zgromadzenie Misji. Praca licencjacka, pod kier. ks. prof. A. Petraniego. - Lublin, 1959. - 78 s.
4.Kotkowski, S.Formacja intelektualno-duszpasterska alumnow seminarium duchownego w Sandomierzu (1841 - 1926) // F. Kotkowski // Studia Sandomierskie. - 1980. - №1. - s. 35 - 53
5.Kotkowski, S. Nauczanie w Sandomierskim seminarium diecezjalnym w okresie pierwszego dwudziestolecia (1820 - 1841) // Roczniki teologiczno- kanoniczne. Tom XVIII, zeszyt 4, 1971, s. 27 - 52
6.Przepis dla Seminarium Archidiecezji Mohylewskiej Lacinskiej, czyli Regula dla Seminarzystow // Monumenta Ecclesiastica Petropolitana / M. Godlewski, S. Petersburg, 1906. - Cz. 2. - S. 5-16
7.Богословский, К. Государственное положение Римско-католической церкви в России от Екатерины Великой до настоящего времени / К. Богословский. - Харьков: Типография Губернского правления, 1898. - 191 с.
8.Зянюк, Р. Магілёўская рымска-каталіцкая духоўная семінарыя: 17881843 гг. / Р. Зянюк // Гісторыя Магілёва : мінулае і сучаснасць. Зборнік навуковых прац удзельнікаў VII Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, Магілёў, 26-27 чэрвеня 2013 г. / уклад. А.М. Бацюкоў, І.А. Пушкін. - Магілёў, 2013. - С. 133-140.
9.Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў. Фонд 694. Воп. 1. Спр. 395
10.Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей - НГАБ). Фонд 1781. Воп. 2. Спр. 3881
11.НГАБ. Фонд 1781. Воп. 2. Спр. 4193
12.НГАБ. Фонд 1781. Воп. 2. Спр. 4479
13.НГАБ. Фонд 1781. Воп. 2. Спр. 67
14.НГАБ. Фонд 1781. Воп. 28. Спр. 312
15.НГАБ. Фонд 1781. Воп. 28. Спр. 59
16.НГАБ. Фонд 1781. Воп. 32. Спр. 148
17.Попов, М. Могилёвская римско-католическая духовная семинария (1783-1842). Исторический очерк. / М. Попов // Молодёжь в науке- 2007. Приложение к журналу «Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». В 4 частях. Ч. 2. - Минск, 2008. - С. 231-234


Р.У. Зянюк, Мінск (Беларусь),
Інстытут гісторыі НАН Беларусі

рейтинг: 
  • Не нравится
  • 0
  • Нравится
ОСТАВИТЬ КОММЕНТАРИЙ
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Новости