Тапонімы Магілёўшчыны - сведкі мінуўшчыны » mogilew.by
 

Тапонімы Магілёўшчыны - сведкі мінуўшчыны

 

З даўніх часоў зямля была і застаецца сапраўдным скарбам для нашага народа. Кожны куточак зямлі (лес, рака, ручаёк, возера, вёска і г. д.) мае сваю назву, сваю гісторыю. Вытокі геаграфічных назваў самыя старажытныя. Яны ўзніклі яшчэ ў першабытным грамадстве. Такія назвы ў навуковай літаратуры прынята перадаваць запазычаным з грэчаскай мовы словам тапонім, у якім topos перакладаецца як месца, мясцовасць, а onoma - імя.
Праца над беларускай тапаніміяй больш актыўна праводзілася з 1960-х гадоў. Шмат зроблена навукоўцамі Я. М. Адамовічам, Э. К. Бірылам, В. А. Жучкевічам, В. П. Лемцюговай. У перыяд 1990-х гадоў найбольш грунтоўна даследавана тапанімія Мінскай, Віцебскай і Гомельскай абласцей. Сёння актыўна працуе створаная пры НАН Беларусі Рэспубліканская тапанімічная камісія, асноўная задача якой - адраджэнне, захаванне і ўпарадкаванне беларускай тапаніміі. Вучоныя імкнуцца вярнуць некаторыя гістарычныя геаграфічныя назвы, якія неапраўдана знішчаны ў савецкі час, выпрацоўваюць найменні для новых геаграфічных аб’ектаў. Усе пытанні асвятляюцца ў зборніку «Беларуская анамастыка».
Вывучэнне тапонімаў карысна для самых розных галін навукі. Па іх можна дазнацца пра старажытную мову на пэўнай тэрыторыі і акрэсліць межы яе распаўсюджвання. Тапонімы часта дапамагаюць вучоным высветліць пытанні засялення і этнагенезу асобных славянскіх народаў, акрэсліць тэрыторыю гістарычнага распаўсюджвання славян. Тапонімы з’яўляюцца бясцэннай крыніцай для гісторыі мовы, для вывучэння народнай творчасці, побыту, вераванняў, раскрываюць шэраг гістарычных загадак. Асаблівую каштоўнасць маюць геаграфічныя назвы для гістарычнай дыялекталогіі.
Жыццё нашых далёкіх прашчураў стагоддзямі працякала ў нялёгкіх сацыяльна-эканамічных умовах, пры няспынным змаганні з прыроднымі катаклізмамі. Прыходзілася шмат працаваць на зямлі, якая адваёўвалася ў лясоў і балот, даводзілася змагацца са звяр’ём. Складаныя ўмовы змушалі чалавека называць месцы свайго жыцця такімі назвамі, якія адпавядалі існасці. Таму старажытныя тапонімы - гэта знаходка для сённяшняга дня. Менавіта яны дапамагаюць выяўляць пераемнасць паміж далёкім мінулым і сучаснасцю.
У тапанімічнай спадчыне зафіксаваны патрыярхальныя часы (ранняга і развітага язычніцтва), перыяд станаўлення хрысціянства. Разглядаючы тапонімы (этнонімы), можна даведацца, хто, дзе і калі з розных плямёнаў і народнасцей, этнічных груп жыў у нашым краі. На тэрыторыі сучаснай Беларусі жылі такія этнасы, як лівы, авары, куршы, яцвягі і іншыя. Сярод такіх этнанімічных тапонімаў на Магілёўшчыне вылучаюцца Галічы,
Татарка, Туркі, Малыя Славені.
У асноўным тапонімы адлюстроўваюць пэўныя асаблівасці прыроднага асяроддзя, умовы вытворчай дзейнасці жыхароў, іх імёны, прозвішчы.
На тэрыторыі Магілёўшчыны шмат назваў паселішчаў, утвораных ад асабовых імёнаў, прозвішчаў, мянушак людзей. Так старажытны горад Мсціслаў, першыя звесткі пра які змешчаны ў Епацьеўскім летапісе 1156 г., быў названы ў гонар смаленскага князя Мсціслава. Паселішча Баркалабава, паводле «Баркулабаўскага летапісу» было заснавана ў 1564 г. Баркулабам Корсакам. У Баркулабаўскім летапісе засведчана, што паселішча «Багданава Слабада» заснавана ў 1597 г. князем Багданам Саламярэцкім. Аднак у канцы XVIII - пач. ХІХ ст. яно перайшло ва ўладанні княгіні Дашкавай і атрымала назву Дашкаўка.
У пісьмовых крыніцах упамінаецца назва паселішча Александрыя з сяр. XVII ст., утворанае ад імя Аляксандр, пазычанага ад Аляксандра Македонскага, які заснаваў у 333-331 гг. да н. э. арабскі горад Аль- Іскандарэй (па-руску Александрыя). Горад быў адным з галоўных цэнтраў раннягя хрысціянства.
Найчасцей назвы населеных пунктаў утвораны ад імёнаў асоб, якія калісьці валодалі гэтай зямлёй, гэтым паселішчам, а потым перадалі яе сваім нашчадкам.
Самую шматлікую групу, утвораную ад імёнаў і мянушак, складаюць айконімы на -ічы: Асіповічы, Клімавічы, Касцюковічы, Еўдакімавічы, Пятровічы, Паўлавічы, Максімавічы, Аўсімавічы, Давыдавічы, Дзямідавічы, Іванішэвічы, Пратасевічы, Савінічы, Сідаравічы, Слаўкавічы, Ермаловічы, Мілаславічы, Мышкавічы, Жуковічы, Воўкавічы,Рыжкавічы, Бялынічы, Ганцавічы, Чачэвічы, Гарбовічы, Мхінічы, Сакольнічы, Шапялевічы і інш., на -аўка: Азараўка, Абраімаўка, Ананеўка, Анатолеўка, Арцюхаўка, Багданаўка, Брылёўка, Хадораўка і інттт.
Славянскія імёны і прозвішчы мянушкавага паходжання даваліся пераважна па характэрных адзнаках знешнасці чалавека, па асаблівасцях яго характару, па схільнасцях: Кадзіна, Коўбча, Сілічы, Галоўчын, Грудзінаўка, Сухары, Сласцёны, Скачок, Быхаў, Вайніла, Галузы, Глухі, Глуша, Боханы, Рагалъ, Чудзяны і інш.
Тапонімы, утвораныя ад назваў вытворча-гаспадарчай дзейнасці, роду заняткаў, прафесіі: Рудня, Рудкаўшчына, Кавалі, Кажамякіна, Шклоў, Тачышча, Капцёўка, Хадуны, Ходусы, Лапацічы,Токары, Касарычы, Вялікія Бортнікі, Пачапы, Клетнае, Загацце, Замошская Гута, Гута Ляшчынская, Слабада Завадская, Каменныя лавы і інш.
Даволі значная група айконімаў сфарміравалася на базе старажытных назваў тыпаў паселішчаў. Многія з іх паходзяць ад агульнаславянскага слова горад і яго вытворных: Гарадок, Гарадзішча, Гарадзец. Назва ж горада Слаўгарад сучасная, змененая. У далёкім мінулым прыгнятальнікі у мэтах прыніжэння чалавечай годнасці далі зневажальную назву - Прапойск. Змена абгрунтавана немілагучнасцю гучання. Іншыя старажытныя тапонімы таксама перайменаваны ў савецкі час: Савецкі, Юбілейны, Леніна, Кіраўскае, Пралетарскае, Пераможнік, Красная Беларусь.
Вёскі з назвай Слабодка, Слабада, як вядома з гісторыі, - тып пасялення ў феадальнай Беларусі ў XI-XVIII стст., што карыстаўся свабодай, часовым вызваленнем ад уплаты падаткаў. Асабліва шмат такіх паселішчаў узнікла пасля Паўночнай вайны, калі не стала хапаць працоўных рук. Некаторыя памешчыкі дазвалялі сяліцца на сваіх землях прышлым сялянам і не бралі з іх падаткаў. Такія паселішчы атрымлівалі назву - Слабоды. У той жа час ўзнікла і вёска Княжыцы , што азначае князевы людзі, князевы землі.
Па роднасных адносінах атрымалі назву тапонімы Брацькавічы, Роднае.
Назвы з парнымі абазначэннямі новы, стары, высокі, вялікі, белы, чорны, красны храналагічна больш познія (XVI-XVII стст.) і маюць іншую сацыяльна-эканамічную аснову. Амаль усе яны склаліся ва ўмовах дробнага сялянскага землеўладання: Новае Пашкава, Новы Быхаў, Новы Двор, Стары Двор, Старыя Стайкі, Вялікая Машчаніца, Вялікія Бялевічы, Вялікі Лес, Вялікі Межнік, Вялікае Уланава, Малое Зарэчча, Малыя Славені, Белая Дуброва, Чорны Бор, Цёмны Лес, Чарнаручча, Чэрнеўка, Краснаполле, Краснае, Бель.
Тапонімы, у аснове якіх ляжаць прыродна-геаграфічныя аб’екты, вельмі разнастайныя. Для гэтай групы характэрна наяўнасць у назве населенага пункта яго месцазнаходжання, гэта значыць, што назву такім тапонімам давала рэчка, на якой ён знаходзіўся, ці малая адлегласць ад нейкай прыкметнай мясціны (балота, лес, гара і інш.).
Так ад рэчкі Бабруі, зараз Бабруйка, паходзіць назва горада Бабруйска. Горад Алень (як рака ў пісьмовых крыніцах значыцца пад 1541 г., на карце ў канцы XVI ст. - Олень), Карытніца (рэчка знікла), Глуск (ад ракі Глуша, Глушка або Глушыца), Докаль (ад ракі Докалька), Рэчкі і інш.
Па рэльефу мясцовасці ўзніклі паселішчы Горкі, Горы, Курган, Халмы, Круча, Высокае, Куты, Бродзішча, Заброддзе, Забалоцце, Заполле.
Назва тапоніма Ямнае ўзнікла не выпадкова. Раней на раскіданыя ўздоўж берагоў рэк і азёраў паселішчы набягалі зграі галодных ваўкоў, для лову якіх ладзілі спецыяльныя ямы.
Наяўнасць у назве населенага пункта назвы раслін ці жывёл тлумачыцца тым, што яны былі дамінуючымі ў гэтых мясцінах ці з’яўляліся татэмнымі для мясцовага насельніцтва. Гэта быў час язычніцтва, а яно захоўвалася на Беларусі ў некаторых месцах аж да XVI-XVII стст. Людзі пакланяліся якому-небудзь прадстаўніку расліннага ці жывёльнага свету, лічылі ахоўнікам свайго паселішча. Нават з прыходам хрысціянства людзі называлі свае паселішчы не ў гонар новай рэлігіі, а ў гонар сваіх старых татэмаў. Але ў большасці назвы даваліся ў залежнасці ад дамінуючай на дадзенай тэрыторыі расліны або жывёлы. Так ад назваў дрэў і кустоў утварыліся тапонімы Беразнякі, Бярозкі, Бярозаўка, Ліпаўка, Ліпніца, Лазовіца, Арэхаўка, Ясень, Дуброва, Ельня, Вішні, Вішнёўка, Кветкі, Смолка,
Лясная, Лыкава, Дзераўцы і інттт.
Ад назваў жывёл і птушак утвораны тапонімы Вепрын, Петухоўка, Сабалёўка, Кароўчына, Цяцерына, Гавяды, Журавічы, Лебядзянка, Зубры, Восава, Казулічы, Гусарка і інш.
Трэба адзначыць, што многія з названых тапонімаў узніклі ад мянушак, утвораных ад назваў жывёл (Вепрын, Журавічы), або ад назваў рэк, у аснову якіх ляглі назвы жывёл (Бабруйск, Алень).
Цікавыя сваім паходжаннем тапонімы бытавога ўзроўню: Кісялькі, Грыбаны, Гуслішча, Забяляшына, Дары, Лютня, Холстава, Валокі, Раздзел, Караны, Плешчыцы, Мяжысяткі.
Назвы некаторых населеных пунктаў цяжка зразумець. Яны, як і іншыя тапонімы, складаліся мясцовымі жыхарамі стагоддзямі, але з цягам часу згубілі сваю даступнасць. У асноўным такія словы ўваходзяць у склад гістарызмаў або з’яўляюцца запазычанымі з іншых моў свету. Так тапонім Вендараж, магчыма, захаваў адну са старажытнейшых назваў галіны славян - венедаў (вентаў). Тапонімы Шчэжар, Біярдо, Жэліўе запазычаныя з іншых моў.
Тапонімы, якія з цяжкасцю паддаюцца растлумачэнню, з’яўляюцца падставай узнікнення самых неверагодных легендаў аб іх паходжанні. Напрыклад, з пункту гледжання навукі, тапонім Магілёў паходзіць ад дахрысціянскага асабовага імя Магіла, да якога дадаецца суфікс -ёў. Аднак народ склаў легенду пра існаванне нацыянальнага героя Машэкі, які загінуў за справы народа. Горад быў закладзены ля яго магілы. Нават Я.Купала апрацаваў легенду і стварыў паэму «Магіла льва».
Горад Крычаў мае некалькі тлумачэнняў. З навуковага боку, горад з’явіўся па абодвух баках рэчкі Крычаўкі. Паводле паданняў, Крычаў як паселішча вядомае яшчэ ў пару паганства. Першае ўпамінанне ў пісьмовых крыніцах адносіцца да 1136 года. Па адной легендзе назва ўзнікла ад племя крывічоў, па другой - ад Бога. У той час, калі паганскія вернікі прыносілі ахвяры сваім багам, пачуўся з нябёсаў крык-заклік развітацца з паганствам і прыняць хрысціянства. Ёсць яшчэ адно навуковае тлумачэнне: у аснове назвы Крычаў старажытнарускае слова кърчи (той, хто займаецца апрацоўкай крыцы (свежая глыба вываранага з балотнай руды жалеза). Крыч - гэта паганскае імя паводле кавальскай прафесіі.
Аналіз і вывучэнне тапонімаў з’яўляецца вельмі складанай справай, бо патрабуе ўсебаковага падыходу да назвы і з геаграфічнага, і з гістарычнага, і з лінгвістычнага боку. Нам неабходна шанаваць гэтую шматвяковую духоўную спадчыну, помнікі народнай культуры, забяспечыць сацыяльную і прававую абарону.


Р. В. Міксюк
г. Мінск, БГТУ

рейтинг: 
  • Не нравится
  • 0
  • Нравится
ПОДЕЛИТЬСЯ:

ОСТАВИТЬ КОММЕНТАРИЙ
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Новости