Чаму наш горад называюць Магілёў? » mogilew.by
 

Чаму наш горад называюць Магілёў?

Напэўна, большасць магілёўцаў яшчэ з дзяцінства ведае прыгожую легенду аб назве нашага горада, апетую Янкам Купалам у паэме "Магіла Льва". Згодна з ёю, горад атрымаў сваю назву ад месца, дзе быў пахаваны забіты здрадзіўшай яму дзяўчынай разбойнік Машэка.
 


Курган, дзе яго пахавалі, назвалі Магілай Льва, а пазней тут вырас горад, які і атрымаў аднайменную назву - Магілёў.
Я. Купала надаў Машэку рысы высакароднасці, у той час як самімі магілёўцамі, якія пераказвалі з пакалення ў пакаленне легенду, ён разглядаўся як звычайны разбойнік. Згодна з адным варыянтам легенды, Машэка быў кіраўніком банды, а другой, якая таксама рабавала падарожных і купцоў у магілёўскіх ваколіцах, кіраваў яго сябар і паплечнік Гвозд. Кожны з іх меў месца для прытулку і схованкі на парослых непралазным лесам магілёўскіх узвышанасцях - "гарах". Тая гара, дзе хаваўся Машэка, атрымала назву "Машакоўкі", а другая, на якой жыў Гвозд са сваімі людзьмі, стала звацца Гваздоўкай. Абодва яны загінулі і былі пахаваны. А тыя месцы, дзе іх пахавалі, сталі зваць Магілаю. Пазней тут вырас горад.
У яшчэ адным надзвычай цікавым варыянце гарадской легенды правадыра рабаўнікоў называюць не Машэкай, а Магілай.
Але гэта легенды. А калі паспрабаваць даць навуковае тлумачэнне назве?
Цікава, што ў старабеларускай і ўкраінскай моўнай традыцыі слова "магіла" мела адрозны ад сённяшняга сэнс. Пад "магілай" звычайна разумелася любое ўзвышанае месца (гара). Слова "Магіла" ўжывалася ў сярэднявеччы таксама і як імя асабістае.
Выводзіць назву горада з таго, што на замчышчы ў ХІІ-ХIII стст. быў грунтавы могільнік, існаванне якога нібыта адбілася ў назве ўзвышша, як мне здаецца, няма падстаў. Па-першае, зараз можна лічыць даведзеным факт існавання ўмацаванага замка ў XII-XIII стст. на гэтым месцы. Два пахаванні ХІІ-ХШ стст., знойдзеныя падчас археалагічных раскопак М. А. Ткачова, лакалізуюцца ў непасрэднай блізкасці ад таго месца, дзе яшчэ на пачатку XVII ст. была замкавая царква. Магчыма, што культавая пабудова тут існавала і раней. Ускосныя звесткі паказваюць, што Магілёў у канцы XIV ст., верагодней за ўсё, ужо з'яўляўся цэнтрам царкоўнага прыхода. Звычайна ў старажытнасці побач з царквой хавалі нябожчыкаў. На менскім замчышчы ў XII-XIII стст. існавалі невялікія могілкі, так што Магілёў у гэтым сэнсе не з'яўляецца выключэннем.
Атрыманыя археалагічныя матэрыялы (наяўнасць умацаванага паселішча з XII ст. і княскай адміністрацыі ў ім) наводзяць на думку, што маюць рацыю тыя даследчыкі, якія, зыходзячы з таго, што ў назве горада прысутнічае суфікс прыналежнасці "-ёў", схільны лічыць паходжанне назвы "Магілёў" ад асабістага імя Магіла.
Для параўнання: князь Тур - Тураў, князь Барыс - Барысаў і г. д. Тым больш, што для пазначэння курганных могільнікаў у нашым рэгіёне ўжывалі іншыя найменні - капцы, валатоўкі. 3 распаўсюджваннем хрысціянства і з'яўленнем грунтавых могільнікаў агульнаўжывальным тэрмінам для пазначэння могілак сталі назвы "клады", "кладаўе", якія захаваліся ў дыялектах Магілёўшчыны да сённяшняга дня.

рейтинг: 
  • Не нравится
  • +7
  • Нравится
ПОДЕЛИТЬСЯ:

ОСТАВИТЬ КОММЕНТАРИЙ
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Новости