Як вядома, тэрыторыя будучага Магілёва была заселена чалавекам ужо ў эпоху ранняга жалезнага веку. У гэты час тут існавала два помнікі культуры штрыхаванай керамікі - Пелагееўскае гарадзішча ("Змяёўка") і, як паказалі даследаванні аўтара, паселішча на гары "Магіла". Сінхронных паселішчу ўмацаванняў на апошнім помніку не знойдзена. У VI-VIII стст. жыццё працягвалася толькі на Пелагееўскім гарадзішчы - на ім захаваліся старажытнасці Банцараўскай культуры.
Наступны этап у асваенні тэрыторыі гістарычнага цэнтра звязаны з хваляй славянскай каланізацыі Х-ХІ стст. Аб гэтым сведчаць матэрыялы курганнай групы, што знаходзілася побач з замкам, у міжрэччы Дняпра і Дубравенкі ў 80-х гадах XIX ст. У раскапаных курганах знойдзены срэбныя пярсцёнкі, шкляныя залачоныя пацеркі XI ст., кераміка.
Падчас археалагічнай разведкі 1992 г. на частцы былога Пакроўскага пасада (Падміколле), побач з будынкам гарводаканала, быў сабраны пад'ёмны матэрыял XII-XIII стст. - фрагменты керамікі ХІІ-ХIII стст., пацеркі, шыфернае праселка, бронзавы абразок з выявай Св. Мікіты, пабіваючага беса.
У выніку археалагічных даследаванняў паселішча на плошчы 1,5 га ў акрэсленых намі межах на раскапаных палетках сустракаліся фрагменты керамікі XII-XIII стст., пацеркі. Сярод знаходак найбольшую цікавасць выклікаюць абярогі - мядзвежы ікл, апраўлены ў свінец, і касцяны гарпун.
Кераміку Х-ХІ стст. знайшоў Я. Рыер падчас даследаванняў Пелагееўскага гарадзішча (Змяёўка), аднак культурны слой гэтага часу на момант работ быў знішчаны, толькі адзін фрагмент венца гаршчка знойдзены ў пераадкладзеным слаі гумусу, а яшчэ чатыры - на беразе Дубравенкі, куды яны былі змыты падчас разбурэння гарадзішча. Магчыма, што першапачаткова ўмацаванае паселішча Х-ХІ стст. знаходзілася тут, аднак давесці гэта з-за знішчэння культурнага слоя помніка не ўяўляецца магчымым.
У XII-XIII стст. існавала паселішча на тэрыторыі будучага Задубравенскага пасада, якое мела плошчу каля 0,5 га. Яно лакалізуецца ў межах сённяшняга падвор'я Барысаглебскай і Крыжаўздвіжанскай цэркваў, прылеглых да іх тэрыторый.
------------------------------------