Варэнікі са свежымі чарніцамі — страва, дзеля якой нават не шкада сапсаваць адзенне
Ягады пайшлі. У сацыяльных сетках многія беларусы ўжо наперабой хваляцца сваімі ляснымі скарбамі: хто два вядра чарніц сабраў за дзень, а хто і пяць. Прыбытак будзе нядрэнны, але ж і справа нялёгкая.
Асабіста ў мяне, прызнаюся, да «чорнага золата» нашых лясоў іншы падыход: браць столькі, колькі з’ем. Вядома, рукамі і без усякіх там прылад. Нікуды не спяшаюся, напаўняю грудзі гаючым паветрам і думаю пра тое, што ў гэты ж лес за роднай вёскай хадзілі мае продкі. Пакуль літровы слоік набяру, увесь рот будзе чорны, бо самыя смачныя ягады — з куста.
Калі вяртаемся з лесу дамоў, мы абавязкова гатуем варэнікі з чарніцамі. Яны асаблівыя. Замарожаныя ягады і блізка не стаялі па смаку са свежымі, што так і імкнуцца пырснуць табе на адзенне, калі іх ясі. Але нават гэтыя абставіны не псуюць настрой: задавальненне ад смачнай ежы настолькі моцнае, што нічога не можа яго сапсаваць. У маім жыцці не было аніводнага лета, калі б я не ела такія варэнікі — гэта абавязковая традыцыя, сямейны рытуал, частка нашай палескай культуры. Больш за тое, да пэўнага ўзросту я нават не ведала, што начынкі ў варэнікаў бываюць розныя: у нашай вёсцы ўсе іх гатавалі толькі з чарніцамі… Прапаную і вам іх пакаштаваць.
Вам спатрэбіцца:? чарніцы — 300 г
? цукар — 2 ст. л.
? мука — 300 г
? вада — 200 мл
? яйка
? соль
Перш за ўсё для варэнікаў перабіраем ягады (калі пакупныя, то лепш прамыць і абсушыць папяровымі сурвэткамі, а сабраныя сваімі рукамі неабавязкова). Чарніцы пасыпаем цукрам. Далей у глыбокую міску прасейваем муку, дадаём трошкі солі, убіваем яйка і акуратна ўліваем ваду — паступова пачынаем вымешваць. Цеста павінна атрымацца аднародным, мяккім і не ліпнуць да рук. Раскачваем яго і выразаем формай або кубачкам невялічкія кружкі. У цэнтр кожнага кладзём чайную лыжку чарніц і добра зашчыпваем краі. Апускаем варэнікі ў кіпень і варым 5—7 хвілін пасля таго, як яны падымуцца на паверхню. Падаваць можна са смятанай або маслам — каму як падабаецца.
kurak@sb.by
Источник - www.sb.by