БЛІЖНІ вал - земляны вал з бастыёнамі, так званы другі абаронны пояс старажытнага горада. Існаваў з 1630-х гадоў да канца 18 стагоддзя. Разам з першым Замкавым валам і трэцім Палявым складаў развітую абаронную сістэму ўмацаванняў горада. У плане гэта трохвугольнік, два доўгіх бакі якога - высокія крутыя берагі Дняпра і Дубравенкі, трэці - глыбокі роў і моцная бастыённая фартыфікацыя.
Перыметр вала складаў 690 сажняў і акружаў так званую Астрожскую "сотню” Нагорскага пасаду. Праходзіў вал ад замка (з боку Дняпра) па сучаснай вуліцы Вала Чырвонай Зоркі да плошчы Арджанікідзэ, паміж вуліцамі Болдзіна і Камсамольскай, к будынку Музея дзекабрыстаў па вуліцы Першамайскай і заканчваўся ля замка (з боку Абласнога краязнаўчага музея). У 2-й палове 17 стагоддзя вал меў 15 бастыёнаў, быў з драўляным брустверам пад дахам, чатыры мураваныя брамы: (Ветраная, Алейная, Каралеўская, Дубравенская; не захаваліся).
ЗАМКАВЫ вал - земляны вал з бастыёнамі, так званы першы абаронны пояс старажытнага Магілёва. Узведзены быў у 1520-я гады. У плане гэта чатырохвугольнік з перыметрам 288 сажняў, абараняў тэрыторыю замка. Разам з Бліжнім валам і Палявым складаў развітую абаронную сістэму ўмацаванняў горада. Існаваў да пачатку 19 стагоддзя.
ПАЛЯВЫ або Дальні ці Кругавы вал – земляны вал з бастыёнамі, так званы знешні (другі) абаронны пояс старажытнага Магілёва. Уэведзены ён у 1609-33 гадах, Існаваў да 1-й паловы 19 стагоддзя. З 1682 года упамінаецца пад назвай Кругавы вал. Разам з Замкавым і Бліжнім складаў развітую абаронную сістэму ўмацаванняў горада. Сучаснікі адзначалі, што знешне гэта была "велічная, наваленая накшталт сцяны насып". Працягласць лініі складала 2462 сажні вакол так званага Новага горада. Праходзіў вал ад Дняпра па сучаснай вуліцы Завадской, завулку Глінкі, уздоўж вуліцы Леванеўскага, праз вуліцы Струшню і Віленскую, па 2-му Кузнечнаму і Горнаму завулкам да правага берага p. Дубравенкі, далей уздоўж вуліцы Яцыны, праз вуліцу Першамайскую, па Лепяшынскага і заканчваўся ля яра Дзебра каля так званай Машэкаўскай гары. Вал меў 8 уездных брам. Знешне валы былі падобны на вялізныя земляныя насыпы. Шырыня вала па верху была 3 сажні, такая ж прыкладна і вышыня. Шырыня па аснаванню - у залежнасці ад скоса напольнага боку.