Магілёўскія мастакі XVII-XVIII стст. » mogilew.by
 

Магілёўскія мастакі XVII-XVIII стст.

 

Магілёў, як адзін са старажытнейшых гарадоў Беларусі, гісторыя якога налічвае больш сямі стагоддзяў, спазнаў шмат узлётаў і спадаў. З дробнага рыбацкага паселішча і невялікага замка ў ХІІІ - XV стст. ён вырас да буйнейшага горада ды мацнейшага фартыфікацыйнага цэнтра ў XVI - XVIII стст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі, які фактычна нічым не саступаў сталіцы ВКЛ - Вільні. У прыватнасці, у другой палове XVI ст. па колькасці дамоў (каля 2000) ды жыхароў (больш за 10 000) ён пераўзыходзіў усе вялікія месты краіны. Згодна статыстычным звесткам, прыведзеным З.Ю. Капыскім, на той час, напрыклад, у Полацку жыло каля 10 тыс. мяшчан, у іншых гарадах (Гародня, Пінск, Мінск, Слуцк, Берасце і інш.) і таго менш - ад 3 да 10 тыс. Прынамсі, як цэнтр рамяства і гандлю ён прыкметна выдзяляецца ва ўсім ВКЛ. Фактычна гэта можна казаць і аб матэрыяльнай і духоўнай культуры Магілёва. Менавіта ў апошняй чвэрці
XVIст. закладаецца новы стэрэатып мыслення магілёўцаў, мяняецца іх менталітэт, што звязана ў першую чаргу са зменай іх сацыяльнага статуса: з феадальна залежных людзей яны пераўтвараюцца ў вольных гаспадароў свайго гораду, пэўнага кавалку зямлі і іншай рухомай і нерухомай маёмасці. Былі, безумоўна, і эканамічныя перадумовы развіцця культуры і мастацтва ў Магілёве ў XVII - XVIII стст. Найперш, гэта бурнае эканамічнае развіццё горада, што адбылося ў першую чаргу за кошт міжнароднага гандлю. Як вядома, магілёўскія купцы гандлявалі з Польшчай (Гданьск, Торунь, Кракаў, Люблін) на захадзе, на ўсходзе - з Маскоўскай дзяржавай, на поўдні - з украінскімі гарадамі, на поўначы - з Караляўцом, Рыгай. Гандаль адбываўся пераважна вялікі партыямі. Аб’ектамі гандлю былі мех, вырабы са скуры і тканіны. Усё гэта прыводзіла да канцэнтрацыі капітала ў пэўнай групы буйных гандляроў, якія адначасова займаліся і палітычнай дзейнасцю, абіраліся ў магістрат.
Паступова у горадзе пачаў складацца мастацкі рынак, мясцовая мастацкая школа. Развіццю мастацкага рынку спрыяла развіццё эканомікі, мураванага дойлідства, найперш культавых пабудоў. У першай палове
XVIIст. з’яўляюцца мураваныя будынкі фарнага касцёла, Багаяўленскай царквы, у другой палове XVII ст - Мікалаеўскай, Успенскай, Пакроўскай цэркваў, каталіцкія кляштары - кармеліцкі, езуіцкі і бернардзінскі, што дазволіла даследчыкам вызначыць адмысловую магілёўскаую школу дойлідства. Будаўніцтва і аздабленне дадзеных культавых устаноў спрыяла развіццю мастацкага рынку ў Магілёве. Гэтаму ж спрыяла і будаўніцтва новых фартыфікацыйных умацаванняў горада ў XVII ст.
Вядомая даследчыцца мастацтвазнаўца Н.Высоцкая на падставе розных крыніц і літаратуры называе 38 магілёўскіх мастакоў з прозвішчамі, ці імёнамі і чатыры без [1, с. 57-59]. Нам удалося выявіць у архіўных крыніцах яшчэ шэраг імёнаў і прозвішчаў і давесці дадзены спіс да 47 мастакоў і двух вучняў. А таксама ўдакладніць прозвішча Пятра Яўсеевіча.
Адным з ранейшых захаваўшыхся твораў магілёўскай школы іканапісу з’яўляецца першы з вядомых на Беларусі падпісны абраз “Нараджэння Маці Боскай” (зараз захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, далей НММРБ), які знаходзіўся ва Успенскай царкве г. Магілёва, дзе быў прастол “Раства Багародзіцы”. Ён прадатаваны 1649 г. і падпісаны “Пётр Аўсіевіч (Овсіевіч) з Галынца”. Да гэтага часу мастацтвазнаўцы спрачаюццца: кім жа быў Пётр Яўсіевіч, які памёр у 1685 г. у Магілёве - іканапісцам ці фундатарам. Нам пашанцавала адшукаць архіўны дакумент, з якога вынікае, што чалавек з імем Пётр Аўсеевіч ЗУРАСТА паходзіў з сяла Галынца пад Магілёвам, якое ўваходзіла ў фальварак Ямніца Аршанскага павета (цяпер часткова тэрыторыя г. Магілёва) які належаў князю М. Галоўчынскаму. У заставе гаворыцца, што 10.04.1649 г. магілёўскі мешчанін Фёдар Грышановіч за пазыку ў 70 коп грошаў аддаў у заставу на год Пятру Аўсеевічу Зурасце дом з пляцам, гародам і садам у Папінскім канцы (сотні), тэрыторыя якога адносілася да прыхода Успенскай царквы. Такім чынам, мы маем прозвішча Пятра Аўсіевіча, якое згадваецца ў крыніцы некалькі разоў. Нажаль, дакумент пакідае пытанне аб Пятры Зурасце як аб адным з першых прадстаўнікоў магілёўскай школы іканапісу і аб аўтарстве абраза “Нараджэнне Маці Боскай”, бо з яго не вынікае, быў ён усё ж фундатарам ці выканаўцам [11, с. 48-49; 4].
Пэўныя факты дазваляюць меркаваць яшчэ аб адным моманце - гэта існаванне сваеасаблівага дзяржзаказу. Гэта вельмі добра фіксуецца ў дакументах, што складаліся падчас працы над гарадскімі абарончымі збудаваннямі, прынамсі брамамі. Прыгадаем, што кожная брама мела свой ветраннік з гербамі - Пагоняй, Арлом, ці Магілёва, а таксама два абразы пры ўездзе і выездзе. Неабходна прыгадаць і будаўніцтва і далейшае існаванне гарадской ратушы. У апошняй акрамя традыцыйных абразоў з выявамі евангелістаў і кафляных печаў і ветранікаў існавалі каралеўскія партрэты. Зразумела, што гэтыя творы пастаянна папаўняліся і паднаўляліся. Напрыклад, у 1686 г. падчас пабудовы Іллінскай брамы ў палявым вале мастак Саўка намаляваў два абразы на драўляных табліцах: “Ваабражэнне Найсвяцейшай Багародзіцы” і “Святы Слаўны прарок Ілля Фезвіцянін”. Згодна рахунковых кніг за гэты год, ён атрымаў за працу 8 залатых [7]. З рахунковых кніг магілёўскага магістрата вядомы прыклады размалёўкі і ратушы. Так, архіўныя дакументы сведчаць, што 24.11.1767 г. Якубу Бараховічу, бурмістру, за маляванне партрэта-карціны каранаціі караля Станіслава Панятоўскага заплацілі 6 зл. 20 гр., а 17.06.1745 г. сніцару за направенне партрэтаў каралеўскіх далі 1 зл. [3]. Таксама з крыніц вядома, што магілёўскі мастак Афанас Пігарэвіч залаціў ветранікі для магілёўскіх гарадскіх брам, маляваў абразы і каралеўскія партрэты, размалёўваў балясіны і кафлю для ратушы, рабіў гравюры да магілёўскіх кнігадрукаў. Юры Александровіч маляваў абразы па замовах шляхты, каралеўскія партрэты (караля Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІІ), выконваў фрэскавыя роспісы для княжыцкага касцёла дамініканаў[2]. Ян Пігарэвіч размалёўваў “розныя штукі”, рабіў гравюры для магілёўскага “Трыфалагіёна” 1748 г. Якуб Бараховіч залаціў ветранікі для гарадскіх брамаў, маляваў каранацыйныя каралеўскія партрэты (Станіслава Аўгуста Панятоўскага) для ратушы, маляваў евангелістаў “паводле даўняга абрысу” на вокнах Магілёўскай царквы Св. Мікалая.
Яшчэ адной крыніцай забеспячэння мастацкага заказу былі данацыі. Найбольш распаўсюджанай формай данацый былі дарэнне пэўных пляцаў, гародаў, садоў, сенажацяў, дамоў, крамаў і інш. будынкаў, у тым ліку гаспадарчых, якія знаходзіліся ў г. Магілёве. Адзначым, таксама, што падобныя дарэнні найчасцей адбываліся не столькі падчас складання тэстаментаў, а наадварот, пры жыцці мяшчан і адпаведна фіксаваліся ў актавых кнігахМагілёўскага магістрата. Даволі часта ў іх сустракаюцца факты данацыі, якія тычуцца магілёўскай брацкай Багаяўленскай царквы. Гэтых прыкладаў даволі шмат, як у спісе дабрадзеяў гэтага брацтва, і ў магілёўскіх актах, так і ў рэштках архіва гэтай царквы і манастыра, які захаваўся ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Асобныя з гэтых дакументаў былі надрукаваны ў дарэвалюцыйных зборніках дакументаў. Прынамсі, спіс дабрадзеяў Магілёўскага Багаяўленскага брацтва ўключае ў сябе фактычна ўсе роды магілёўскага патрыцыята. А такі род, як Карабанькі - фундавалі капліцу пры Брацкай царкве і падаравалі абраз Магілёўскай Божай маці [11, с. 48-49].
Вядомыя крыніцы дазваляюць казаць аб тэрытарыяльнай абмежаванасці магілёўскага рынку і яго канцэнтрацыі непасрэдна ў самім горадзе, ваколіцах - Княжыцы, Буйнічы - і ў гарадах, звязаных з Магілёвам цесным культурным кантактам - напрыклад, сюды можна аднесці Барань, Чавусы. Яшчэ адной спецыфічнай рысай мясцовага мастацкага рынку можна назваць адсутнасць вузкай спецыялізацыі мастакоў (іканапісец, партрэціст, баталіст, майстар фрэскавага роспісу і г. д.). Непрынцыповымі з’яўляліся рэлігійны і саслоўны фактары. Так, роды магілёўскіх мастакоў Бараховічаў гербу Ляліва і Сілінічаў гербу Даліва былі прызнаны ў шляхецтве з аднясеннем да 6-й часткі (спадчыннае шляхецтва) радаводнай кнігі. А Марыян Трэнсеўскі, будучы каталіком, маляваў абразы і алтары не толькі для магілёўскага касцёла кармелітаў і для Магілёўскай Багаяўленскай Брацкай царквы, а таксама карціны батальнага зместу для маскоўскага ваяводы Сямёна Змяёва [9].
Безумоўна, найбольш вядомым магілёўскім накірункам жывапісу XVII ст., быў абразны і фрэскавы жывапіс. Але ён меў не толькі рэлігійны характар - вядомы і прыклады размалёўкі фрэскамі дамоў магілёўскага патрыцыята. Прынамсі, аб гэтым пісаў стольнік Пятра І-га Таўсты ў сваіх нататках аб Магілёве, якія датуюцца 1697. Нельга тут не прыгадаць і кафляныя печы, якія былі ўпрыгожаннем тагачасных пакояў. Каляровая гама магілёўскай кафлі вар’іравалася ад тэракота, зялёнага і карычневага да прыгажэйшай паліхроміі. Сюжэты ад раслінна-геаметрычных да гербавых, сюжэтных, як рэлігійных, так і свецкіх. Нягледзячы на адсутнасць у Магілёве асобнай карпарацыі мастакоў (цэху), тут існаваў традыцыйны спосаб перадачы навыкаў жывпіснага майстэрства. Адным з ранейшых прыкладаў з’яўляецца знойдзены намі дакумент аб адрачэнні ў 1649 г. ад вучобы і рамяства вучня магілёўскага мастака Мацвея
Палянскага - Грышка Садаховіча. Апошні паступіў на вучобу рамяству малярскаму на 6 год, але не вытрымаў і праз два гады вырашыў сыйсці [6].
Вядомай дынастыяй мастакоў у Магілёве ў 18 - пачатку 19 ст. з’яўляліся Сілінічы. Вось які выпадак зафіксаваны ў актавых кнігах Магілёўскага магістарта. У 1761 г. Змітрок Кот, прабыўшы паўтары гады вучнем у мастака Лявона Сілініча, адмаўляецца адбыць абумоўлены тэрмін у тры з палова гады ў сувязі з пабоямі і цяжжкай працай. Акрамя Лявона, у дакументах згадваюцца ягоны брат мастак Пётр, а таксама ягоны сын Тамаш (Фама), які намаляваў у 1808 г. знакаміты абраз Узнясення (зараз захоўваецца ў НММРБ) для Бараньскай царквы (будынак гэтай царквы зараз захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту ў якасці экспаната), а таксама размаляваў Чавускі кармеліцкі касцёл [10, с. 9-10; 8].
Шэраг мастакоў насілі прозвішча Пігарэвіч, магчыма яны былі сваякамі. Найбольш знакаміты з іх узгаданы вышэй мастак і гравёр Апанас (Афанас), які аздабляў кнігі, печы, ветранікі і інш., крыху менш вядомыя Ян, а таксама Мірон - шафар мескі, мастак, іканапісец. Упершыню згадваецца ў дакументах Магілёўскага магістрата за 1695 г., калі за адмаляванне гербу мескага на пячатцы атрымаў 15 асьмакоў. У канцы 1708 г. ён намаляваў абраз Маці Боскай Магілёўскай для Алейнай брамы. У 1706 - 1717 гг. абіраўся паспалітым магілёўскім, у 1708 г. - шафар мескі. Такім чынам можна казаць і аб сямейна-сваяцкай перадачы навыкаў мастацкага майстэрства [5].
Такім чынам можна зрабіць наступныя высновы. Па-першае, магілёўскія мастацкія творы, у тым ліку і іканапіс добра вядомы з XVII ст., што дало падставы мастацтвазнаўцам сцвярджаць, што існавала магілёўская школа жывапісу. Па-другое, адсутнасць асобнай карпарацыі мастакоў (цэху) сведчыць аб недастатковым развіцці магілёўскага мастацкага рынку. У той жа час традыцыі перадачы навыкаў майстэрства ад майстра вучню і сваяку існавалі ў горадзе і ў іншых цэнтрах (за межамі гораду). Па-трэцяе, у горадзе XVII ст. пачаў складацца мастацкі рынак, мясцовая мастацкая школа. На яго фарміраванне на нашу думку паўплывалі існаванне ў XVII - XVIII стст. у горадзе сваеасаблівага дзяржаўнага і рэлігійнага (культавага) заказу, да таго ж распаўсюджанасць такой формы як данацыі мастацкіх твораў, альбо грошай на іх асобным культавым установам.
Літаратура і крыніцы:
1.Агееў А., Марзалюк I., Пушкін I. Магілёўская даўніна ў пытаннях і адказах // Магілёў, 1999.
2.Яцкевич Д.Л. Александрович Г.; Александрович Ю. // Lietuvosdainilink^ zodznas/ Kulturos, filosofijosirmenoinstitutas; [sudarytojaAiste Paliusyte]. Vilnius: Kulturos, filosofijosirmenoinstitutas, 2005.
3.Яцкевич Д.Л. Борохович Я. // Lietuvosdainilink^ zodznas/ Kulturos, filosofijosirmenoinstitutas; [sudarytojaAiste Paliusyte]. Vilnius: Kulturos, filosofijosirmenoinstitutas, 2005.
4.Яцкевич Д.Л. Зураста П. // Lietuvosdainilink^ zodznas/ Kulturos, filosofijosirmenoinstitutas; [sudarytojaAiste Paliusyte]. Vilnius: Kulturos, filosofijosirmenoinstitutas, 2005.
5.Яцкевич Д.Л. Пигаревич ;. Пигаревич Я. ;Пигаревич М. // Lietuvosdainilink^ zodznas/ Kulturos, filosofijosirmenoinstitutas; [sudarytojaAiste Paliusyte]. Vilnius: Kulturos, filosofijosirmenoinstitutas, 2005.
6.Яцкевич Д.Л. Полянски М. // Lietuvosdainilink^ zodznas/ Kulturos, filosofijosirmenoinstitutas; [sudarytojaAiste Paliusyte]. Vilnius: Kulturos, filosofijosirmenoinstitutas, 2005.
7.Яцкевич Д.Л. Савка // Lietuvosdainilink^ zodznas/ Kulturos, filosofijosirmenoinstitutas; [sudarytojaAiste Paliusyte]. Vilnius: Kulturos, filosofijosirmenoinstitutas, 2005.
8.Яцкевич Д.Л. Силинич П. Силинич Л. // Lietuvosdainilink^ zodznas/ Kulturos, filosofijosirmenoinstitutas; [sudarytojaAiste Paliusyte]. Vilnius: Kulturos, filosofijosirmenoinstitutas, 2005.
9.Яцкевич Д.Л. Тренсевский М. // Lietuvosdainilink^ zodznas/ Kulturos, filosofijosirmenoinstitutas; [sudarytojaAiste Paliusyte]. Vilnius: Kulturos, filosofijosirmenoinstitutas, 2005.
10.Яцкевіч З.Л. Дынастыя магілёўскіх мастакоў Сілінічаў // Тезисы докладов конференции, посвященной итогам научноисследовательской работы Национального художественного музея Республики Беларусь за 1998 г. Мн., 1999.
11.Яцкевіч З.Л. Мастацтва ў дакументах. // Мастацтва: Мінск / Гал. рэд. Гіль М. Мн., 2006.


З.Л. Яцкевіч, г. Нясвіж (Беларусь),
Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”

рейтинг: 
  • Не нравится
  • -1
  • Нравится
ПОДЕЛИТЬСЯ:

ОСТАВИТЬ КОММЕНТАРИЙ
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Новости