Вялікдзень — свята, якое нязменна пабуджае нас шчыра праяўляць дабрату і ставіцца да людзей побач з асаблівай увагай. У тым ліку і праз «смачныя» традыцыі.
Колькі сябе помню, маці заўжды ставіць у печ не адзін-два кулічы, а штук пяць. Акрамя іх, штук сем доўгіх булак з макам, тварагом, яблычным павідлам. Тое ж самае рабіла бабуля, цётка. Яек фарбуюць дзясяткі тры, не менш. Нават нягледзячы на тое, што дзеці даўно выраслі і ўжо пякуць свае булкі, фарбуюць свае яйкі…
Лішняга на велікодным стале не бывае, бо ўсімі прысмакамі прынята дзяліцца — са сваякамі, сябрамі, суседзямі, калегамі. Як і той радасцю, якую нясе сутнасць свята: ідзеш па вуліцы — і кожнаму хочацца сказаць: «Хрыстос уваскрос!» (прынамсі ў нашай вёсцы «добры дзень» ці «здароў» у гэтыя дні ніхто не кажа).
Можа, таму і палюбіўся мне рэцэпт велікоднага пячэння. Яго заўсёды можна раздаць блізкім у якасці салодкага сувеніра. Пахучае, чымсьці нагадвае друкаваныя дарэвалюцыйныя пернікі. Для прыгатавання спатрэбяцца прадукты, якія знойдуцца на кожнай кухні. Робіцца хутка, таму час на самае важнае дакладна застанецца.
Вам спатрэбіцца:? мёд — 125 г
? цукар — 125 г
? сметанковае масла — 50 г
? карыца — 1 ч. л.
? мускатны арэх — 0,5 ч. л.
? какава — 2 ст. л.
? сода — 1 ч. л.
? яйкі — 2 шт.
? мука — 500 г
Спачатку топім на сярэднім агні мёд, цукар і сметанковае масла. Добра перамешваем, каб не падгарэла. Калі цукар поўнасцю растане, здымаем міску з агню. Дадаём карыцу, какаву і мускатны арэх — перамешваем. Асобна ўмешваем соду і адстаўляем мядова-шакаладную масу ўбок, каб яна крыху астыла. Тым часам узбіваем яйкі. Іх наступным крокам таксама адпраўляем да астатніх інгрэдыентаў.
Акуратна дадаючы муку, замешваем цеста. Яно павінна атрымацца досыць тугім, не ліпнуць да рук. Кладзём яго ў цэлафанавы пакет, пакідаем у халадзільніку на некалькі гадзін. Пасля раскатваем цеста таўшчынёй 0,5 см і выразаем пячэнне (можна гатовымі формамі). Выпякаем у духоўцы 15 хвілін пры 180 градусах.
kurak@sb.by
Источник - www.sb.by